«Прыйшла ўладкавацца часова, на які год, ды так і засталася – напэўна, гэта лёс», – кажа бібліятэкар Відзаўскай гарпасялковай бібліятэкі Галіна Кандратовіч, чый працоўны стаж у гэтай установе складае 37 гадоў. Апантаны работнік, адначасова яшчэ і сцэнарыст, і рэжысёр, і акцёр, а таксама дарадца, юрыст, псіхолаг і проста суразмоўніца – усё гэта ў адной асобе.
У бібліятэку Г. Кандратовіч, як яна сама ўспамінае, трапіла ў 17-гадовым узросце выпадкова. У школе настаўніца геаграфіі Марыя Міхайлаўна Селязнёва так захапляльна расказвала пра вучобу ў Пскоўскім інстытуце ды разнастайныя экспедыцыі, што дзяўчына вырашыла туды паступаць – разам са сваёй аднакласніцай. Аднак умовы ў інтэрнаце не прыйшліся ім даспадобы. Па вяртанні дадому, каб не марнаваць дарма год, трэба было шукаць месца працы. Галіну прывабілі паліцы з кнігамі, балазе яна з дзяцінства любіла чытаць і з нецярпеннем чакала, калі ўжо можна будзе наведваць дарослую бібліятэку. Вось мары і спраўдзіліся, нават у большай ступені…
Цяпер Г. Кандратовіч – кваліфікаваны спецыяліст: акрамя багатага вопыту, ёй дапамагаюць прафесійныя веды, атрыманыя завочна ў Мінскім інстытуце культуры. Самым важным для сябе бібліятэкар лічыць работу з наведвальнікамі рознага ўзросту і ў сваёй дзейнасці кіруецца прынцыпам: чытачоў берагчы і прымнажаць. «Заўсёды здзіўляюся: як можна не любіць кнігі!? Увогуле мне падабаецца працаваць з людзьмі, якіх я ведаю і якія ведаюць мяне. Напрыклад, прапанавала штосьці, патрапіла чытацкаму густу чалавека і ён пайшоў дадому задаволены – радуюся, – адзначае яна. – Калі аднаго-двух дзяцей зацікавіла на мерапрыемстве і тыя зайшлі потым у бібліятэку – лічу за поспех».
Працы заўжды хапае. Акрамя відзаўчан, прыязджаюць наведвальнікі з вёсак, якія пазітыўна адносяцца да чытання: запыты ў іх немалыя, асабліва калі няма інтэрнэту. Але ж выдаць кнігу – гэта толькі частка работы, бо яшчэ трэба запоўніць каталогі, падшыць газеты, спісаць выданні і г. д. Таксама Галіна Кандратовіч вядзе шмат праектаў: з дзіцячым домам сямейнага тыпу, з дашкольнай установай, папулярызуе беларускую літаратуру, здаровы лад жыцця, сумесна з Відзаўскай СШ ажыццяўляе патрыятычнае выхаванне, праводзіць «Класную гадзіну з бібліятэкай», ладзіць выстаўкі. У гэтым дапамагаюць яе арганізатарскія здольнасці, што дазваляюць плённа кантактаваць з кіраўнікамі іншых устаноў. Прыкладам такога супрацоўніцтва стала Свабодная вулічная бібліятэка, дзе можна не толькі ў любы час сутак узяць кнігу, а і палюбавацца каванай хаткай, лавачкамі і вазонамі для кветак (за што асобная падзяка шэфам з мясцовага каледжа). Да таго ж бібліятэкар ідзе ў нагу з часам: складае буклеты, афармляе віртуальныя выстаўкі, рэкамендацыйныя ролікі новых кніг для чытання (сама навучылася ў спецыяльнай праграме), выкладае матэрыялы ў групе УКантакце.
Гарпасялковая бібліятэка па ўсіх паказчыках дзейнасці з’яўляецца адной з лепшых у раёне, заўсёды выконвае планы па лічбавых і творчых паказчыках. Паслугамі ўстановы карыстаюцца больш за 700 чытачоў з Відзаў і навакольных населеных пунктаў.
Асобная тэма – удзел у разнастайных мерапрыемствах. Пошук новых ідэй для Галіны – звыклы занятак, як і імкненне ўнесці ў сцэнарый арыгінальную нотку ды жаданне не падвесці аднадумцаў. А іх хапае: пры бібліятэцы пад кіраўніцтвам Дзіяны Трыфанавай дзейнічае аматарскае аб’яднанне «Кругагляд», якое мае званне «народнага». Калектыў паспяхова прымае ўдзел у конкурсах самых розных узроўняў – прастора для творчасці вялікая. Дарэчы, яго міні-спектакль «Наша хата гасцямі багата» набраў у інтэрнэце больш за шэсць соцень праглядаў, а прадстаўленая на шаркаўшчынскім фестывалі «Яблычны Спас» гульнявая праграма заняла першае месца ў вобласці.
Багатая на ўзнагароды і асабістая скарбонка Г. Кандратовіч. А па выніках мінулага года яе праца адзначана прэміяй Віцебскага аблвыканкама ў намінацыі «Лепшы бібліятэчны работнік».
Дзякуючы намаганням Галіны ўстанова набыла своеасаблівае аблічча, стала вядомай і запатрабаванай у пасёлку. Наведвальнікам імпануюць добразычлівасць бібліятэкара і яе шчырыя адносіны да працы: яна, здараецца, захапіўшыся справамі, запозна вяртаецца дадому. Праўду кажуць, што шчаслівыя не адчуваюць часу… ■
Жанна БЯЛЬКО