Выхаванцы Відзаўскай дзіцячай школы мастацтваў разам з навучэнцамі Відзаўскай СШ і народным аб’яднаннем «Кругагляд» гарпасялковай бібліятэкі падрыхтавалі цудоўны канцэрт і наведалі насельнікаў Браслаўскага домаінтэрната для састарэлых і інвалідаў.
Сонечнае надвор’е паспрыяла правядзенню мерапрыемства на свежым паветры. Імправізаваная сцэнічная пляцоўка ў атачэнні квітнеючых дрэў адразу надала святочную атмасферу. А калі выйшлі выступаць юныя артысты, то гледачы адразу пачалі пляскаць у далоні! Кранальныя песні ад вакалістаў, інструментальныя нумары ад музыкантаў, вершы ў выкананні дарослых удзельнікаў канцэрта – праграма была вельмі насычанай і разнастайнай. Раз-пораз гледачы падпявалі выканаўцам, асабліва калі гучалі песні, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.
Канцэрт пакінуў прыемныя ўражанні ў жыхароў Браслаўскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, і яны доўга дзякавалі апладысментамі артыстам з Відзаў. ■
Тэкст і фота Алены НАБЕЕВАЙ.