Алена Мацеша: «Стараюся працаваць так, быццам бы дапамога спатрэбілася маім блізкім»

Люди
Стараюся так працаваць, так абыходзіцца з людзьмі і лячыць сваіх пацыентаў, быццам бы дапамога спатрэбілася маім родным і блізкім». З такім дэвізам крочыць па жыцці і развіваецца ў прафесіі ўрач агульнай практыкі, загадчыца Опсаўскай амбулаторыі, дэпутат райсавета і цяпер дэлегат Усебеларускага народнага сходу Алена Мацеша.

ДЗЕ НАРАДЗІЎСЯ, ТАМ І СПАТРЭБІЎСЯ

Гэты распаўсюджаны выраз як мага лепш падыходзіць да апісання прафесійнага шляху доктара Алены Мацеша. Вядома, на сваёй роднай зямлі пачынаць працаваць і будаваць кар’еру куды лягчэй, чым у незнаёмым горадзе. Так склаўся і лёс маладой дзяўчыны з Мілюнцаў. Алена скончыла ў 2006 годзе Опсаўскую школу, вучылася добра, але, як сама прызнаецца, біялогія і хімія ёй даваліся значна прасцей, таму па парадзе бацькоў для паступлення быў абраны медуніверсітэт і навучанне высакароднай прафесіі ўрача. Узмоцненая падрыхтоўка адгукнулася ўдячнасцю, і Алена лёгка паступіла ў ВДМУ. Вучыцца было цікава, часам няпроста, аднак студэнцкія гады і своеасаблівае медыцынскае братэрства цяперашняму ўрачу ўспамінаюцца з асаблівай цеплынёй. А вось з выбарам спецыялізацыі ваганняў ужо зусім не было: дзяўчына хацела быць педыятрам ці тэрапеўтам, дарэчы, гэтыя два напрамкі якраз цесна і пераплятаюцца ў абавязках урача агульнай практыкі.

Інтэрнатуру малады спецыяліст праходзіла на базе Браслаўскай ЦРБ, а па размеркаванні ў 2013 годзе галоўны ўрач Аляксандр Макарэвіч накіраваў Алену ў Опсаўскую амбулаторыю адразу на месца загадчыцы.

БУДНІ ДОКТАРА

Так непрыкметна праляцелі амаль 11 гадоў урачэбнай практыкі. Спачатку, успамінае А. Мацеша, паміж ёю, маладым і нявопытным спецыялістам, і патрабавальнымі пацыентамі была сапраўдная бездань. Але крок за крокам сітуацыя мянялася і станавілася ўсё лягчэй і лягчэй. За гэты час урач настолькі блізка пазнаёмілася з людзьмі, цэлымі сем’ямі і вывучыла хранічныя хваробы пастаянных наведвальнікаў, што, зразумела, цяпер ведае падыход амаль да кожнага: каму рэцэпт, каго падбадзёрыць, а каго паўшчуваць… Прычым да ўрача ў мясцовую амбулаторыю ідуць не толькі лячыцца, а і за парадай, за добрым словам. Сапраўды, з доктарам, якога ты ведаеш гадамі, можна падзяліцца самым патаемным. Ды і з першага знаёмства знешнасць Алены, голас, манера трымацца і весці размову выклікае прыхільнасць да яе. Такая блізкасць і давер дапамагаюць А. Мацеша абслугоўваць 2 418 чалавек з 53 населеных пунктаў Опсаўскага сельсавета. Летам будні крыху спакайнейшыя: у сярэднім у дзень на прыёме бывае да 35 пацыентаў, а ў эпідсезон іх колькасць дасягае 80. Гэта вельмі многа, і ўявіце, кожнаму чалавеку патрэбны ўвага, устанаўленне дыягназу і лячэнне.

Безумоўна, наша размова з урачом не магла не закрануць тэмы часоў, калі бушавала пандэмія. Алена Мацеша застала апошнія дзве хвалі і прызнаецца, што сабранасць, вера ў свае сілы дапамагла ёй і ўсяму персаналу перажыць складаныя гады. Каардынацыя працы калектыву амбулаторыі – гэта яшчэ адзін немалаважны аспект працы ўрача і загадчыцы ў адной асобе. Ацяпляльны сезон, электрабяспека, супрацьпажарныя мерапрыемствы, гаспадарчая дзейнасць, дакументацыя – усюды трэба пракантраляваць, паглядзець сваім вокам, падпісаць. Адзін у полі не воін, прызнаецца загадчыца і кажа, што цалкам можа спадзявацца на свой калектыў. Сёння з ёй гэта 9 чалавек: памочнік урача, участковая і працэдурная медсёстры, акушэрка, зубны фельчар, дзве санітаркі, вадзіцель – сапраўдная зладжаная каманда спецыялістаў са шматгадовым стажам.

ГРАМАДСКАДЭПУТАЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Між іншым не толькі з праблемамі са здароўем звяртаюцца мясцовыя жыхары да ўрача Алены Мацеша. Другое скліканне запар яна з’яўляецца дэпутатам райсавета. Таму прыходзіцца і лячыць, і вырашаць іншыя пытанні апсаўчан. У гэтым плане доктар-дэпутат цесна працуе з іншымі калегамі – старшынёй сельсавета Алай Данілінай і кіраўніком СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальдам Шукялём. Усе трое добра ведаюць людзей і стараюцца дапамагчы кожнаму, наколькі гэта магчыма. Акрамя таго, праўленне гаспадаркі аказвае істотную падмогу ў шматлікіх справах амбулаторыі, а сам Рамуальд Іванавіч з’яўляецца прыкладам у вакцынацыі ці іншых прафілактычных мерапрыемствах. Алена кажа, што працаваць побач з такімі амбіцыёзнымі, зараджанымі энергіяй людзьмі, якія заўсёды падставяць плячо, – адно задавальненне. Цікава, што Р. Шукель адыграў вялікую ролю ў рашэнні А. Мацеша застацца на малой радзіме: праўленне нават выдзеліла дом маладому ўрачу, дзе і цяпер жыве сям’я.


Ад раённага Савета дэпутатаў Алена Мацеша стала дэлегатам на УНС. «Для мяне гэта новы вопыт, бо ўдзельнічаць у такіх маштабных дзяржаўных мерапрыемствах раней не даводзілася. Крыху хвалююча, разам з тым адказна і цікава прымаць удзел ва ўсенародным форуме», – дзеліцца эмоцыямі А. Мацеша.


СЯМ’Я І ПРАЦА – НЕПАРЫЎНАЯ СУВЯЗЬ

Самае галоўнае ў жыцці Алены ўсё ж такі – яе сям’я: муж, маленькая дачушка, бацькі, родныя і блізкія. І калі раней прафесія займала лідарскія пазіцыі, то са з’яўленнем дзіцяці прыярытэты змяніліся, жанчына змагла раздзяліць дзве сферы паміж сабой. Гэта як быццам бы адчулі і пацыенты: яшчэ з большай павагай сталі ставіцца да свайго ўрача, ведаюць, што на рабоце яна выкладваецца на 100 %. «Доктар у нас самы лепшы, мы вельмі задаволены, што яна працуе менавіта ў нашай амбулаторыі. Добрая, спагадлівая ды яшчэ і кампетэнтная. Дзякуй ёй», – добрыя словы давялося пачуць ад пацыенткі ў калідоры. Ці не такая людская ўдзячнасць і ёсць сапраўднае прызнанне для ўрача!

Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.