Штогод у рамках святкавання Дня роднай мовы, усталяванага 21 лютага, у нашай краіне праходзіць шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на ўсведамленне моўных і культурных традыцый, адлюстраванне непаўторнасці і багацця беларускага слова. Звычайна найбольш актыўнымі іх удзельнікамі з’яўляюцца школы ды бібліятэкі. Вось і на Браслаўшчыне на працягу мінулага тыдня калектывы гэтых устаноў красамоўна сцвердзілі: у нас берагуць і шануюць матчыну мову.
Публічныя бібліятэкі раёна ўключыліся ў тэматычны абласны марафон «Размаўляй і натхняй», праграма якога прадугледжвала больш за дзве сотні мерапрыемстваў і прыблізна столькі ж выстаў, прысвечаных беларускай мове. І пэўная іх частка – гэта ўклад браслаўскіх устаноў культуры, супрацоўнікі якіх падрыхтавалі цікавыя мерапрыемствы для наведвальнікаў рознага ўзросту.
Пераважная іх колькасць – разнастайныя акцыі, якія натхнялі чытачоў размаўляць па-беларуску, узгадваць запаветныя словы, любавацца мілагучнасцю роднай мовы. Дазволілі адчуць асалоду ад яе гучання і праведзеныя бібліятэкарамі творчыя сустрэчы – паэтычны ўрок «Мова зямлі маёй» у Відзаўскай гарпасялковай бібліятэцы, вечар «Чароўныя гукі роднай мовы» ў Слабодкаўскай сельскай, літаратурная гасцёўня «Чытаем верш па-беларуску» ў Мяжанскай бібліятэцы-клубе і інш.
Насычаныя праграмы прысвяцілі таксама Дню роднай мовы і ва ўстановах адукацыі. Педагогі і навучэнцы наведвалі тэматычныя выставы і майстар-класы, удзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях, анлайн-віктарынах, музычных перапынках, слоўных квэстах і інш. Акрамя гэтага, відзаўскія школьнікі, напрыклад, паспрабавалі сябе ў напісанні рэспубліканскай дыктоўкі, хлопцы і дзяўчаты з Опсаўскай СШ уключыліся ў паэтычны чэлендж, жданаўцы з цікавасцю вывучалі матэматыку па-беларуску, навучэнцы з Друйскай СШ адрасавалі роднай мове шчырыя пажаданні, слабадчане арганізавалі музычны флэшмоб, у СШ № 2 імя З. Я. Кожар жвавыя моваведы зладзілі спартыўныя спаборніцтвы і г. д.
Як бачна, мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай мове, прайшлі цікава, а галоўнае, са значнай карысцю для іх удзельнікаў. ■
Таксама бібліятэкі вобласці падтрымалі акцыю #Віцебскіслоўнік. Установы кожнага рэгіёна паўдзельнічалі ў яго напаўненні, даслаўшы адно або некалькі слоў на беларускай мове, асацыятыўна звязаныя з іх раёнам ці горадам. І цяпер у акаўнце @vitsebski_slounik у Instagram можна пазнаёміцца з рознымі куточкамі Прыдзвіння пры дапамозе своеасаблівых, адмыслова праілюстраваных слоў-брэндаў, якія асацыіруюцца з пэўнай мясцовасцю і характарызуюць яе. Дарэчы, браслаўчане абралі два такія словы: «зарніца» нагадвае пра старэйшы ў краіне фестываль (міжнароднае свята традыцыйнай культуры праходзіць у нашым горадзе аж з 1967 г.), а «брукоўка» трывала звязвае мінулае з сённяшнім днём (ад замошчаных каменем дарог да сучаснай зоны адпачынку, што стала візітнай карткай Браслава і месцам правядзення буйнога летняга музычна-спартыўнага мерапрыемства).
Жанна БЯЛЬКО