Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад (люты 1989-га).
ВЫСОКАЯ АДЗНАКА ПРАЦЫ ПЕДАГОГАЎ
Аддзел народнай адукацыі нашага раёна – адзін з шасці ў Беларусі, што прызнаны пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва. Упершыню работа педагогаў Браслаўшчыны адзначана так высока. І прытым заслужана: летась умацавана матэрыяльная база школ, справілі наваселле вучні Іказненскай СШ і Быстрамавецкай васьмігодкі, адноўлены тры будынкі, да многіх зроблены прыбудовы, развіваецца сетка дашкольных устаноў – іх у раёне 40. Усё гэта і прывяло да ўзнагароды пераходным Чырвоным сцягам Мінадукацыі.
НЕ БАЧНА КАНЦА ДАЎГАБУДУ
Прадукцыя Браслаўскага кансервава-гароднінасушыльнага завода добра вядомая ў раёне і за яго межамі, аднак асартымент яе невялікі. Таму яшчэ ў 1982 г. запланавалі ўзвядзенне новага цэха па вытворчасці кансерваў з гародніны і мяса. Але і сёння канца будоўлі не бачна: ідуць аддзелачныя работы, няма абсталявання. Ды і са 150 патрэбных чалавек маецца толькі палавіна, ёсць пытанні з сыравінай. Між тым план на гэты год заводу даведзены з улікам новага цэха, якога пакуль няма.
НЕЛЬГА ЧАКАЦЬ НОВЫХ БЕД
Сёлета на рахунку ахвяр вады ўжо 3 чалавечыя жыцці. Пасля трагедыі на Дрывятах, калі патанулі 2 чалавекі, здарылася новая бяда. Так, 9 лютага пры пераходзе праз Навяты праваліўся ў палонку работнік АТП № 18. Яго крык пачуў токар, а затым і шафёр аўтапарка, і ўдвух яны выцягнулі пацярпелага з вады. На дапамогу кінуўся і работнік гарпо, але да месца здарэння не дабег, бо сам трапіў у палонку і патануў. Хто ж нарабіў на Навятах столькі смяротных пастак? Гэта здабытчыкі матыля, якія нават не паклапаціліся абгарадзіць палонкі.
У МЕЖАХ НОРМЫ
Ігналінская АЭС закранае інтарэсы браслаўчан не ў меншай меры, чым жыхароў таго ж Снечкуса. Таму хапае і размоў, часцей за ўсё заснаваных не на фактах, а на чутках: «Кажуць, на станцыі зноў выкід…» Такія «навіны» далёка не бяскрыўдныя і атручваюць жыццё людзям. Між тым замеры фону гама-выпраменьвання ў населеных пунктах паказваюць: яго ўзровень не перавышае натуральны. Наш раён самы чысты ў Беларусі, у нас нават няма абмежаванняў у зборы грыбоў і ягад.
ТРЫВОЖНА НА ДАРОГАХ
Аналізуючы абстаноўку на дарогах раёна, трэба прызнаць, што яна абвастраецца. Павялічваецца колькасць вадзіцеляў, якія садзяцца за руль у нецвярозым стане. Калі ў мінулым годзе за студзень было выяўлена 12 такіх, то сёлета за гэты ж месяц – 30, летась за люты міліцыянеры затрымалі 19 п’яных вадзіцеляў, а цяпер толькі за 10 дзён – 21. Гэта вынік непатрабавальнасці да работнікаў па месцы працы, што расхалоджвае людзей. Давайце ўсе разам змагацца за дысцыпліну на дарогах!
ІЛЬГОТЫ ВОІНАМ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАМ
Учора завяршыўся вывад савецкіх войск з Афганістана. Тым часам у краіне склалася шырокая прававая сістэма льгот для воінаў-інтэрнацыяналістаў і сем’яў загінулых. Яна ахоплівае матэрыяльнае забеспячэнне пры наступленні інваліднасці ці дасягненні пенсійнага ўзросту, медыцынскую і лекавую дапамогу, выдзяленне жылля, аплату яго і камунальных паслуг, права на пазаконкурснае паступленне ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, іншыя сацыяльныя гарантыі.
ДА СТАЛА ПРАЦОЎНЫХ
Калектыў Браслаўскага малаказавода паспяхова асвойвае вытворчыя магутнасці новага прадпрыемства. У студзені план па выпуску таварнай прадукцыі перавыкананы на 34 тыс. руб. У два і больш разы рэалізавана малака ў бутэльках, смятаны, абястлушчанага кефіру і тварагу. Выпушчана і 2 тоны клінковага сыру, які карыстаецца попытам. Сваю прадукцыю малаказавод пастаўляе спажыўцам Браслаўскага, Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, на днях пачалі адгрузку і ў Пастаўскі.
ДА ВЕДАМА НАСЕЛЬНІЦТВА!
Каапнарыхтоўпрам райспажыўсаюза закупляе ў неабмежаванай колькасці ў насельніцтва па цане за 1 кілаграм: альховую шышку – 0,60 руб., бярозавую пупышку – 3 руб., сасновую пупышку – 4 руб., бярозавы грыб чагу – 1,30 руб., мёд натуральны – 5,50 руб. Здадзеная прадукцыя атаварваецца закатачнымі накрыўкамі, таварамі павышанага попыту, якія ёсць у нарыхтоўчых магазінах. Мёд атаварваецца цукрам з разліку за 1 кг мёду – 1 кг цукру. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО