Ніна Пучынская: «Улады гатовыя размаўляць на розныя тэмы — і будзённыя жыццёвыя, і больш складаныя»

Новости
Сацыяльна арыентаваную дзяржаўную палітыку адносна грамадзян з інваліднасцю ў нашым рэгіёне рэалізуюць выканаўча-распарадчыя органы і дэпутацкі корпус, а іх прадстаўнікі гатовы размаўляць з зацікаўленымі браслаўчанамі на розныя тэмы: і будзённыя жыццёвыя, і больш складаныя, якія патрабуюць вырашэння на заканадаўчым узроўні. Пра гэта заявіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, беручы ўдзел у дыялогавай пляцоўцы, прымеркаванай да Дня інвалідаў.

Абмеркаваць актуальныя пытанні сацыяльнай інклюзіі – рэальнага ўключэння людзей з асаблівасцямі здароўя ў штодзённае грамадскае жыццё – сабраліся на базе цэнтра дзяцей і моладзі наведвальнікі аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання ТЦСАН, законныя прадстаўнікі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, спецыялісты ўпраўлення райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сацыяльнай службы, падатковай інспекцыі, ЦРБ, «Беларусбанка», прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

Мадэратарам мерапрыемства выступіла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Вікторыя Атрашкевіч, якая найперш зрабіла акцэнт на важнасці неабыякавых адносін да лёсаў тых, хто па розных прычынах не можа абысціся без пастаяннай падтрымкі, неабходнасці абароны іх правоў і сацыялізацыі. Кіраўнік ТЦСАН адзначыла: трэба, каб людзі з асаблівасцямі здароўя маглі адчуваць сябе паўнавартаснымі членамі грамадства, менавіта таму яны заўсёды знаходзяцца ў зоне пастаяннай увагі кампетэнтных раённых службаў.

Дарэчы, прадстаўнікі гэтых службаў падчас змястоўнай размовы далі прысутным прадметныя тлумачэнні наконт льгот і гарантый для асобных катэгорый грамадзян, падрабязна расказалі пра магчымасці адкрыцця ўласнай справы або рамесніцтва, спыніліся на механізме забеспячэння тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, папярэдзілі, як пазбегнуць шкодных звычак і не стаць ахвярай кіберзлачынстваў ці тэлефоннага махлярства. Фармат адкрытага дыялогу дазволіў браслаўчанам агучыць свае набалелыя праблемы і пачуць адказы на хвалюючыя пытанні. Прычым некаторыя з іх старшыня райсавета ўзяла на асабісты кантроль.

Ніна Пучынская таксама нагадала прысутным пра маючую адбыцца электаральную кампанію, расказала пра яе асаблівасці і заклікала адказна аднесціся да свайго грамадзянскага абавязку. У той жа час яна адрасавала словы ўдзячнасці людзям з інваліднасцю за іх сілу духу, уменне шанаваць жыццё і выказала пажаданне пераадольваць цяжкасці пры падтрымцы як на дзяржаўным, раённым узроўні, так і проста чалавечым. ■

Жанна БЯЛЬКО