Аграрыі Браслаўскага раёна працягваюць закладваць сянажныя траншэі

Новости
Сёлетні сельскагаспадарчы год чарговы раз прынёс для аграрыяў шмат выпрабаванняў. Надвор’е капрызнічала: вясна была працяглая і даволі халодная, пачатак лета – засушлівы. Травы амаль не раслі, і хлебаробам нічога не заставалася, як працаваць больш актыўна і знаходзіць выйсце з няпростай сітуацыі. Напрыклад, у сезон корманарыхтоўкі звычайна асноўную долю кармоў закладваюць падчас першага ўкосу – у ліпені, у гэтым жа годзе травастой быў настолькі слабы, што касілі ўсе магчымыя ўчасткі і кожны дзень чакалі дажджу, а яго ўсё не было і не было…

Дырэктар КУСП «Браслаўскі» Леанід Крукаў сёння, заканчваючы другі сенакос, расказвае, што на самай справе нарыхтаваць кармы сёлета было складана, але з задачай справіліся. Цяпер гаспадарка мае 367 тон сена, 2 535 т сенажу і 2 303 т сакавітага сіласу. Усяго назапасілі 1 683 к. адз. кармоў, або па 18,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. –

Трэба сказаць, што ў чэрвені-ліпені мы вельмі баяліся пакінуць жывёлу зімой галоднай. У пачатку лета не толькі не было што касіць, слаба радавалі нават пашы, – успамінае кіраўнік. – я дзіўлюся, як мы змаглі закончыць першы ўкос з вынікам прыкладна па 12 ц к. адз. на галаву жывёлы – гэта крайні мінімум, але для гэтага года было ўжо нядрэнна. У жніўні пайшлі дажджы і разам з імі пачала расці трава. Надзвычай добра ўрадзіла канюшына першага года, атрымалі нядрэнны ўраджай кукурузы, таму сёння маем 7 запоўненых траншэй і яшчэ адну закрыем на днях.

Вядуць корманарыхтоўку ў «Браслаўскім» адным невялічкім атрадам. На палетках штодзень працуюць 1 КВК, на адвозцы – МАЗ і ПІМ, а на трамбоўцы задзейнічаны «Амкадор». Зноў жа, па словах Л. Крукава, механізатары разумеюць сітуацыю і вельмі стараюцца працаваць шчыра, добра даглядаюць і своечасова рамантуюць тэхніку.

Разам з дырэктарам праехаліся па палях, пабывалі ля траншэі, дзе вялася закладка будучых кармоў, а напрыканцы размовы Леанід Крукаў рэзюмаваў: «Сёлета мы шмат працавалі, шукалі запасныя хады са складаных сітуацый, а як спрацавалі ў гэтым годзе – вынік пакажа вясна». ■

Вольга ПАТАПОВІЧ