Лукашэнка: будучыня планеты шмат у чым належыць Афрыцы

Новости
Беларусь гатовая падтрымліваць краіны Афрыкі ў іх імкненні да незалежнасці. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на перамовах з Прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіангам Нгемам Мбасога.

«Афрыка развіваецца, дзяржавы Афрыканскага кантынента набываюць сваю незалежнасць. Словам, Афрыка вызваляецца ад сваёй каланіяльнай спадчыны. Вы павінны ведаць, што мы ўсяляк адданыя гэтаму працэсу і будзем падтрымліваць тыя дзяржавы, якія хочуць здабыць сваю незалежнасць», – запэўніў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Мы тэхналагічная краіна. І гатовыя гэтыя тэхналогіі перадаць вашай краіне і афрыканскаму народу. Вы нешта ўбачыце ў нас, пазнаёміцеся з нашымі вытворчасцямі. І калі вам нешта спадабаецца, калі мы на нешта здольныя, калі мы, з вашага пункту гледжання, можам дапамагчы вашай дзяржаве і Афрыцы ў цэлым, вы нам скажыце, мы абавязкова зробім», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаем, лідар Экватарыяльнай Гвінеі на гэтым тыдні наведаў Беларусь з афіцыйным візітам. Сустрэча двух Прэзідэнтаў пачалася ў Палацы Незалежнасці з традыцыйнай для такіх візітаў афіцыйнай цырымоніі з удзелам роты ганаровай варты.

Перамовы кіраўнікоў дзяржаў прайшлі як у вузкім, так і пашыраным складах. Па іх выніках плануецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў, накіраваных на развіццё адносін па шырокім спектры напрамкаў – ад эканомікі да гуманітарнай сферы.

У цэлым праграма візіту высокага госця была насычанай. Яна ўключала наведванне прадпрыемстваў, азнаямленне з патэнцыялам беларускіх вытворцаў. ■

Паводле матэрыялаў БелТА