Харчовая бяспека ў бягучым годзе ў Беларусі будзе цалкам забяспечана. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў пры назначэнні новага кіраўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргея Барташа з пастаноўкай задач па развіцці сельгасгаліны.
«Я бачу, што па харчовай бяспецы нашых людзей – мы будзем забяспечаны ўсім неабходным. Мы нарыхтуем крыху менш за мільён тон збожжавых каласавых для дзяржпатрэб. Мы нарыхтуем патрэбную колькасць рапсу. Мы гэта ўжо бачым. Усё тут нармальна складваецца. Калі арганізуемся як мае быць, мы не будзем мець і праблем, звязаных з фуражным збожжам для жывёл. Але цяпер трэба мабілізавацца», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу беларускі лідар звярнуў на той факт, што цяпер сельская гаспадарка знаходзіцца «ў моманце» – сярэдзіна ўборкі. «Гэта добра. Заўсёды, вы, напэўна, памятаеце са свайго вопыту, і я таксама: калі палову ўбіраеш ураджаю, ужо неяк лягчэй становіцца. Таму што ўбіраеш самыя праблемныя звычайна ўчасткі. А для цяперашніх умоў надвор’я гэта вельмі важна. Той, хто праблемныя ўчасткі ўбраў, асабліва на захадзе (там шмат было і палеглых хлябоў, я гэта бачыў), тыя сёння больш-менш будуць спакойныя», – адзначыў Прэзідэнт.
А калі празявалі недзе, то пасля моцных ліўняў, што прайшлі, уборка ўскладняецца, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка: «Зразумела, што два дні дакладна ў поле не ўлезеш – на трэці дзень толькі. Ну, можа, недзе лягчэй, як у вас там у Гомельскай вобласці (да гэтага часу Сяргей Барташ займаў пасаду памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гомельскай вобласці. – Заўвага БелТА)».
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, наколькі ў гэты перыяд спрасаваны па часе ўсе работы ў вёсцы. Трэба і ўбіраць з палёў ураджай, і пасля засухі з пачаткам дажджоў актыўна пайшлі ў рост травы. Адпаведна, трэба скарыстацца момантам і нарыхтаваць травяністыя кармы. З другога боку, на палях, што вызваляюцца ў ходзе ўборачнай, таксама вялікі фронт работ. Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сяўбе азімых культур: «Сёння галоўную ўвагу трэба ўдзяліць сяўбе азімых. І я ўжо гаварыў па Віцебскай вобласці, Магілёўскай вобласці. Ды і па ўсіх абласцях, асабліва паўночнай частцы Беларусі, – вельмі важна своечасова пасеяць. І пасеяць раннія культуры. Азімы рапс, ячмень. Каб раней пачаць убіраць у будучым годзе». ■
Паводле матэрыялаў БелТА