Сёлета на свяце ў Віцебску браслаўчане на сваёй брэндавай пляцоўцы «Мой край – мой гонар» прапаноўвалі гасцям прайсці цікавы квэст. Тыя, хто выконваў усе заданні, атрымлівалі сувенір з азёрнага краю. Увесь дзень ля нашага падвор’я збіраліся людзі і з задавальненнем разгадвалі загадкі, слухалі песні і частаваліся прысмакамі. Спадабаўся браслаўскі квэст і міністру культуры Анатолію Маркевічу, які падчас свята завітаў на нашу пляцоўку.
Праграма выпрабаванняў дзялілася на чатыры часткі. Першую – «Браслаўшчына турыстычная» – прадстаўляў РФСК «Дрывяціч». Тут удзельнікі квэсту, пакуль складалі пазлы са славутасцямі раёна, слухалі цікавыя факты пра іх. На наступным іспыце – «Браслаўшчына гістарычная» – усе жадаючыя разам з супрацоўнікамі раённага аб’яднання музеяў вучыліся плесці беларускія паясы. «Браслаўшчыну хлебасольную» прадстаўлялі нашы галоўныя прадпрыемствы – цэх па вырабе сыру і «Браслаўрыба». Там праходзілі імправізаваныя гульні з муляжамі сырных галовак і банкамі кансерваў. На заключным этапе – «Браслаўшчына фестывальная» – яго ўдзельнікі складалі з кубікаў назвы свят, што праходзяць у нашым раёне.
Браслаўскі раён прызнаны лепшым на конкурсе-прэзентацыі тэматычных брэндавых пляцовак гарадоў і раёнаў вобласці ў рамках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».
Акрамя пералічаных актыўнасцей, на падвор’і браслаўчан можна было пакаштаваць наліўкі, зробленыя ў «Лаўцы прысмакаў» нацыянальнага парка, і пачаставацца традыцыйнымі браслаўскімі стравамі, прыгатаванымі гаспадынямі Ахрэмаўскага цэнтра нацыянальнай культуры.
Забаўлялі гасцей падвор’я вакалісты Раённага цэнтра культуры і артысты народнага тэатра гульні «Лёлі». ■