Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам філіяла ДРБУ-142

Новости
Дэмаграфічная сітуацыя ў Браслаўскім раёне стала галоўнай тэмай абмеркавання ў рамках сустрэчы інфармацыйнай групы на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Грышчанкам з калектывам філіяла ДРБУ-142.

Па словах Галіны Каратковай, начальніка ўпраўлення раённага выканаўчага камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на Браслаўшчыне цяпер адзначаецца скарачэнне колькасці насельніцтва. Прычым на сяле гэтыя працэсы ідуць больш хутка. Паралельна скарачаецца і доля браслаўчан, занятых у эканоміцы рэгіёна.

Разам з тым расце лічба, што характарызуе колькасць пенсіянераў. Такі стан спраў, зразумела, павышае нагрузку Фонду сацыяльнай абароны, які фарміруецца за кошт працаздольнага насельніцтва.

Выйсце з такой сітуацыі спецыялісты бачаць, перш за ўсё, у павышэнні нараджальнасці. Дзяржава гэта добра разумее, таму і аказвае вялізную падтрымку інстытутам сям’і і бацькоўства. Так, адзначыла Г. Караткова, у Беларусі прадугледжаны як аднаразовыя, так і штомесячныя выплаты на дзяцей, адрасная сацыяльная дапамога, істотныя льготы на будаўніцтва жылля, шырокае медыцынскае ды адукацыйнае суправаджэнне. Шматдзетныя ж сем’і ўвогуле ў цэнтры ўвагі дзяржавы – чаго каштуе адзін толькі сямейны капітал.

Другі бок медаля, на якім таксама завастрыла ўвагу прысутных начальнік упраўлення, – гэта пенсіённыя накапленні. Яна нагадала, што сёння кожны працуючы чалавек мае магчымасць павялічыць сваю пенсію шляхам удзелу ў праграме добраахвотнага сацыяльнага страхавання, калі ён (а разам з ім і яго наймальнік) пералічваюць на спецыяльныя рахункі крыху больш сродкаў, чым звычайна. Тым самым забяспечваецца істотная прыбаўка пры выхадзе работніка на заслужаны адпачынак.

Вячаслаў Грышчанка ў сваю чаргу падкрэсліў: улады робяць усё магчымае, каб людзі нараджаліся і жылі на Браслаўшчыне. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра стварэнне працоўных месц, будаўніцтва жылля, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, якаснае сацыяльнае абслугоўванне і забеспячэнне шырокага кола магчымасцей для цікавага і карыснага баўлення вольнага часу. «Мы працуем, каб наша насельніцтва не толькі не скарачалася, але і расло», – рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі стан спраў у грамадскай бяспецы на тэрыторыі раёна, дзейнасць «Браслаў-камунальніка» па добраўпарадкаванні горада. Зваротная сувязь знайшла адлюстраванне ў шэрагу пытанняў, якія работнікі дарожнай арганізацыі задалі членам інфармацыйнай групы. Яны звярнулі ўвагу на неналежны стан вуліцы Савецкай на ўчастку ад касцёла да кальцавога скрыжавання, праблему грамадскіх туалетаў у горадзе, недахоп урнаў для смецця і прапанавалі ўключыць у перспектыўны план развіцця Браслава будаўніцтва тратуара ў бок новай забудовы ў мікрараёне Муражы.

Старшыня райвыканкама падзякаваў суразмоўцам за неабыякавасць і паабяцаў не пакінуць слушныя заўвагі і прапановы без увагі. Паралельна ён адзначыў добрыя вынікі працы філіяла і гаспадарчы падыход да вырашэння бягучых праблем, які тут узялі на ўзбраенне. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ