Народны ансамбль народнай песні «На панадворку» Браслаўскага РЦК пад кіраўніцтвам Марыны Шыркевіч атрымаў дыплом 3 ступені рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва «Пеўчае поле», які праводзіцца на Мядзельшчыне.
Арганізатарамі музычнага форуму з’яўляюцца Міністэрства культуры, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама. Гэта свята з багатымі традыцыямі: яно праводзіцца з 1952 года.
Сёлета ўдзел у ім прынялі 27 вакальна-харавых калектываў з усіх абласцей Беларусі. Акрамя творчага спаборніцтва, праграма была насычана разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі. Узначальвала журы мастацкі кіраўнік і дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага хору, заслужаная артыстка Наталля Міхайлава.
Па выніках строгай ацэнкі і напружанай канкурэнцыі браслаўчане ўдастоены дыплома 3 ступені. Гэта сур’ёзная і важкая ўзнагарода ансамбля «На панадворку», якая яшчэ раз падкрэслівае прафесіяналізм калектыву. ■