Беларусь прымае адэкватныя меры па абароне суверэнітэту дзяржавы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў наяўнасць складанай абстаноўкі. Пасляваеннае міжнароднае ўладкаванне, заснаванае на праве, якое і так не заўсёды спрацоўвала, рухнула. Геапалітычная напружанасць паміж дзяржавамі – членамі блока НАТА з аднаго боку і Расіяй, Кітаем, іншымі краінамі з другога перайшла ў гарачую фазу. «На гэтым фоне краіны-суседзі нарошчваюць вайсковыя бюджэты, закупляюць наступальнае ўзбраенне для сваіх войскаў, павялічваюць колькасць войскаў НАТА на сваіх тэрыторыях, праводзяць бясконцыя вучэнні ля нашых межаў. Арсенал сродкаў умяшання пад надуманымі падставамі ва ўнутраныя справы нашай краіны пашыраецца», – адзначыў Прэзідэнт.
«Акрамя эканамічнага дыктату, палітычнага, інфармацыйнага ціску, мы сёння сутыкаемся з правакацыямі на нашых знешніх рубяжах, спробамі тэрарыстычнай дзейнасці ўнутры краіны, інспіраванымі звонку», – сказаў Галава дзяржавы.
Тым не менш ён падкрэсліў, што ў Беларусі адэкватна рэагуюць на ўсе гэтыя выпады і працягваюць удасканальваць сістэму нацыянальнай і ў першую чаргу ваеннай бяспекі краіны.
Гаворачы пра ваенныя кадры, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што якім бы магутным ні быў тэхнічны арсенал, ён не стане перавагай у сіле без прафесіяналаў, без адданых роднай краіне і народу воінаў: «Іх ядро – вы, афіцэрскі корпус».
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што, абраўшы для сябе шлях служэння Айчыне, афіцэры зрабілі высакародны выбар – узялі на сябе адказнасць за мір і бяспеку на роднай зямлі, асабліва ў цяперашні час. Галава дзяржавы падкрэсліў, што ён вельмі высока шануе афіцэрскі мундзір: «калі мужык яго апрануў, ён павінен быць сапраўдным мужыком. І абараніць гэтую Радзіму, якая цяпер у нашых руках. Будзьце заўсёды вартыя сваёй зямлі! Наша з вамі задача – абараніць Радзіму. Мы, вайскоўцы, будзем абараняць Радзіму! Здароўя вам, поспехаў!» – сказаў А. Лукашэнка. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.