Лукашэнка пра сітуацыю ў сельскай гаспадарцы з-за ўмоў надвор’я: катастрофы няма

Новости
З-за ўмоў надвор’я ніякай катастрофы не адбылося, але там, дзе падсушыла, трэба цяпер хутка сарыентавацца. Пра гэта 22 чэрвеня заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што з-за недахопу дажджоў глеба ў асобных раёнах сапраўды перасохла. Аднак гэта зусім не падстава, каб галасіць і загадзя казаць, што сельскагаспадарчы год будзе правалены, перакананы Прэзідэнт.

«Я разумею, што адбываецца. Так, падсушыла ў пэўных раёнах. Перш за ўсё крыху пацярпелі збожжавыя і травы», – сказаў ён. У сувязі з гэтым кіраўніком дзяржавы былі дадзены своечасовыя даручэнні ўраду, у тым ліку па перасеве травяністых кармоў, з якімі сітуацыя выклікае найбольшыя асцярогі, у адрозненне ад збожжавых. «Калі мы недаатрымаем нейкую колькасць збожжа, сёння лішак у нашых суседзяў. Мы заўсёды купім зерне. Прытым збожжа сёння прапануюць па вельмі нізкіх цэнах, часам нават ніжэй за наш сабекошт. Ёсць нават сэнс закупляць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што важна строга прытрымлівацца тэхналагічнага працэсу ў сельскай гаспадарцы, што дазволіць захаваць пасевы і атрымліваць ураджай нават у няпростых умовах надвор’я.

«Чакаю справаздачы, што адбываецца і ў жывёлагадоўлі. Як ідзе нарыхтоўка кармоў? Завяршаецца першы ўкос шматгадовых траў. Іх прадукцыйнасць горшая, чым летась. Відавочна недабіраем з першага ўкосу. Што цяпер трэба зрабіць, каб накарміць жывёлу і не прыйшлося скарачаць пагалоўе?» – адрасаваў адказным асобам шэраг пытанняў Галава дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што па выніках пяці месяцаў ва ўсіх абласцях адзначаецца рост вытворчасці жывёлы і птушкі – па рэспубліцы амаль на 5 %, малака – на 6 %. «Неабходна захаваць гэтыя тэмпы і атрымаць добры ўраджай», – арыентаваў Прэзідэнт. ■

Паводле матэрыялаў БелТА