За самагонакурэнне браслаўчаніна асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Пра што пісала раёнка 75 гадоў таму назад

Новости
РАЙБІБЛІЯТЭКА – МЕСЦА КУЛЬТУРНАГА АДПАЧЫНКУ

У чытальнай зале раённай бібліятэкі чыста і ўтульна, на вокнах з вазонамі хатніх кветак – белыя занавескі, на сценах – партрэты кіраўнікоў партыі і ўрада, лозунгі, плакаты. Кожны дзень, пачынаючы з 14 і да 22 гадзін, яна запоўнена чытачамі – каля 50 чалавек. Бібліятэку наведваюць рабочыя і служачыя горада, вучні, гаспадыні і сяляне навакольных вёсак. Пасля вызвалення раёна ад нямецкіх акупантаў, яшчэ ў 1945 г., тут налічвалася некалькі дзясяткаў кніг, цяпер жа – больш за 3 тысячы.

ЗА САМАГОНАКУРЭННЕ – ДА АДКАЗНАСЦІ

Народны суд Браслаўскага раёна 20 мая разглядзеў у адкрытым пасяджэнні справу грамадзяніна Л. з вёскі Калеснікі Іказненскага сельсавета, які ў красавіку месяцы займаўся вырабам самагону для асабістых мэт. Народны суд прызнаў грамадзяніна Л. вінаватым і прыгаварыў на аснове Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 красавіка 1948 года «Аб крымінальнай адказнасці за выраб і збыт самагону» да двух гадоў пазбаўлення волі з безадкладным узяццем яго пад стражу.

РАДАСНЫ ДЗЕНЬ

У клубе калгаса імя Сталіна адбыўся сход, прысвечаны ўручэнню Дзяржаўнага акта на вечнае карыстанне зямлёй. Сакратар РК КП(б)Б тав. Шыраеў Д. А. расказаў пра перавагі калгаснага ладу над аднаасобным, пра сталінскую палітыку арганізацыі і кіраўніцтва гаспадаркамі, заклікаў сялян захоўваць выдзеленую зямлю як грамадскую сацыялістычную ўласнасць. Вяскоўцы засталіся шчыра ўдзячныя партыі, савецкаму ўраду і асабіста таварышу Сталіну за клопаты пра калгаснае сялянства.

НЕСУР’ЁЗНЫЯ АДНОСІНЫ ДА СПРАВЫ

Мяжанская хата-чытальня спыніла работу сярод насельніцтва, нават падшыўка газет не вядзецца. Тут жа маецца і клуб, але мастацкая самадзейнасць у ім арганізуецца рэдка. А ўсё таму, што загадчык не цікавіцца такой высакароднай, ганаровай работай і лічыць яе нізкай для сябе. Апрача несур’ёзных адносін да справы, гэты таварыш парушае працоўную дысцыпліну: у чэрвені без дазволу па асабістых патрэбах ездзіў у Ленінград, а хата-чытальня была закрытая.

ПА НАШЫМ РАЁНЕ

– Выканкам Браслаўскага райсавета дэпутатаў працоўных і РК КП(б)Б пастанаўляюць: устанавіць пераходны Чырвоны Сцяг перадавым калгасам раёна за атрыманне высокіх ураджаяў.

– У г. Браславе 15 чэрвеня адкрылася дзіцячая пляцоўка (школа № 2). Яна будзе працаваць у дзве чаргі па тры тыдні. Пляцоўка разлічана на 110 дзяцей.

– Раённы аддзел культасветнай работы правёў семінар, на якім былі абмеркаваны пытанні дзейнасці хат-чыталень у перыяд уборкі ўраджаю і хлебапаставак дзяржаве.

ЗАМКІ – У ГАРПО, А КЛЮЧЫ – У СЕЛЬПО

У магазін № 6 Браслаўскага гарпо паступілі вісячыя замкі, але купіць іх нельга. На просьбу адпусціць тавар – прапанова крыху пачакаць. Аказваецца, замкі з базы райспажыўсаюза выпісаны гарпо, а ключы выдадзены сельпо. І так цягнецца доўгі час. Падобныя факты ў магазінах Браслава нярэдкія. Так, у магазін № 1 завезлі «парныя» чаравікі – адзін 38 памеру, другі – 40, горш за тое, яшчэ і на адну нагу. Трэба загадчыкам крам уважліва правяраць тавары і брак у продаж не пускаць.

ПАЛЕПШЫМ ДАСТАЎКУ ГАЗЕТ ПАДПІСЧЫКУ

У Друйскім аддзяленні сувязі ўдзяляюць вялікую ўвагу пытанню распаўсюджвання і дастаўкі насельніцтву перыядычных выданняў. У чэрвені ў сельсавеце падпісчыкі атрымліваюць 353 газеты і часопісы: 31 экзэмпляр – цэнтральных, 172 – рэспубліканскіх, 150 – абласной і раённай. Аднак сустракаюцца і цяжкасці з дастаўкай: два паштальёны аддзялення не могуць своечасова абслужыць 62 населеныя пункты. Трэба шырэй разгарнуць масавы рух за дастаўку газет у вёскі. ■