Сёння найбольш актуальнай тэмай ў сельскай гаспадарцы з’яўляецца нарыхтоўка кармоў. Менавіта пра яе ішла размова на чарговай выяздной калегіі райсельгасхарчу.
Кіраўнік і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктары гаспадарак раёна, заатэхнікі і аграномы сабраліся разам у мінулую пятніцу ў СВК «Маяк Браслаўскі» ля сянажных траншэй фермы «Купчэлі», дзе ў гэты час ішла закладка адной з іх.
Першым абмеркавалі пытанне аховы працы і выканання патрабаванняў тэхнікі бяспекі на зялёным жніве. Выратавальнікі нагадалі прысутным асноўныя супрацьпажарныя правілы, адпаведныя абавязкі кіраўнікоў гаспадарак, інжынераў па ахове працы і механізатараў.
Галоўнай жа тэмай калегіі стала сёлетняя сітуацыя з травамі: з-за засушлівага надвор’я травастой пакуль слабы. Начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Яраховіч падкрэсліў, што ў гэтым годзе на кані будзе той, хто зможа забяспечыць якаснымі кармамі і сваё пагалоўе, і, у дадатак, прадасць лішкі. Для гэтага трэба не губляць час, па-гаспадарску адносіцца да кожнага кавалка зямлі і безперапынна працаваць з травамі: падсяваць шматгадовыя, своечасова касіць, падкармліваць і правільна выкарыстоўваць пашу. Завастрыў увагу прысутных У. Яраховіч і на бездакорным выкананні тэхналагічных норм пры закладцы сянажных траншэй, кансервацыі кармоў.
Старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель на правах гаспадара мерапрыемства расказаў, як ідзе першая касавіца ва ўзначальваемым ім прадпрыемстве і як на практыцы тут закладаюць траншэі з сакавітым натуральным кормам.
Падводзячы вынікі, У. Яраховіч звярнуўся да кіраўнікоў гаспадарак, папярэдзіў іх пра адказнасць за ўсё, што робіцца ў кожным сельгаспрадпрыемстве. Нагадаў, што дырэктарскі корпус павінен паспець прасачыць і за выкананнем тэхнікі бяспекі, і за нарыхтоўкай кармоў, і за захаванасцю жывёлы, і за рамонтам ферм, тэхнікі, і за іншымі надзённымі справамі. «Надвор’е сёлета пакуль не спрыяе раслінаводчай галіне, але, я ўпэўнены, што нашы намаганні, жаданне выйсці са складанай сітуацыі, цярпенне і правільная тактыка дазволяць і дастаткова кармоў нарыхтаваць, і сабраць нядрэнны ўраджай збожжа», – падбадзёрыў калег Уладзімір Яраховіч. ■