Лукашэнка і Пуцін правялі сустрэчу ў Сочы

Новости
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Уладзіміра Пуціна з Днём Расіі. Раней кіраўнікі дзяржаў правялі перамовы ў Сочы.

«Гэта свята стала для ўсіх расіян сімвалам народнага адзінства і гонару, веры ў лепшую будучыню сваёй вялікай краіны, якая валодае багатай гісторыяй і ўнікальнай культурнай спадчынай, – гаворыцца ў віншаванні. – Сёння Расійская Федэрацыя цвёрда адстойвае нацыянальныя інтарэсы, стварае ўмовы для суверэннага развіцця, паслядоўна ўмацоўвае пазіцыі на міжнароднай арэне. Вашы прыхільнасць ідэалам справядлівасці, высокая адказнасць за лёс дзяржавы, імкненне да забеспячэння бяспекі атрымалі ўсеагульную падтрымку розных пакаленняў расійскіх грамадзян. Перакананы, адносіны Мінска і Масквы, змацаваныя векавымі вузамі дружбы і братэрства, нашымі сумеснымі намаганнямі будуць і надалей няўхільна пашырацца і паглыбляцца».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Уладзіміру Пуціну добрага здароўя, паспяховай рэалізацыі ўсіх планаў і пачынанняў, а ўсім расіянам – міру і згоды.

Нагадаем, на днях кіраўнікі нашых дзяржаў сустрэліся ў нефармальнай абстаноўцы. Як стала вядома, перамовы былі запланаваныя загадзя і прайшлі ў Сочы на палях пасяджэнняў Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

Вітаючы беларускага калегу, Уладзімір Пуцін анансаваў парадак сустрэчы – у ім пытанні бяспекі і эканамічнага ўзаемадзеяння.

Гаворачы ў цэлым пра сітуацыю ў сферы бяспекі, Уладзімір Пуцін ахарактарызаваў яе як стабільную. «Я б нават сказаў, добрая, упэўненая. Мы ўзаемадзейнічаем у гэтай сферы. Па найбольш адчувальных пытаннях, пра якія мы з вамі дамаўляліся, усё ідзе па плане», – сказаў расійскі лідар.

«Усё ж такі беларуска-расійскія адносіны з’яўляюцца стрыжнем. Калі раптам будуць пытанні, мы адрэагуем. Так, ёсць эканамічныя пытанні. Яны вырашаюцца. Ёсць куды рухацца. Самае галоўнае – мы ведаем, што рабіць і ў якім кірунку рухацца», – заявіў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка. ■

Паводле матэрыялаў БелТА