Амаль усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да першага ўкосу траў, але, трэба адзначыць, пакуль па прычыне адсутнасці дажджу травастой зусім слабы. Таму кіраўнікі і аграномы гаспадарак штодзень аб’язджаюць палеткі, каб выбраць лепшыя ўчасткі.
Сёлета райсельгасхарчам распрацаваны план па правядзенні першага этапа зялёнага жніва ў рэгіёне. Усяго запланавана скасіць 8 тысяч га траў. З іх нарыхтуюць 3,1 тыс. тон сена, 49,3 тыс. тон сенажу і 50,3 тыс. тон сіласу. На раніцу аўторка першым укосам скасілі 609 га, або 7,6 %.
Як заўсёды, першымі касавіцу на Браслаўшчыне пачалі ў ААТ «Агравідзы». Менавіта тут найбуйнейшае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, адпаведна і самы вялікі план па нарыхтоўцы кармоў. Сёлета гэтай гаспадарцы неабходна скасіць першым укосам 2,1 тысячы га. На раніцу 6 чэрвеня зроблена 14,7 працэнта ад запланаванага. Частку ад зялёнай масы адразу з поля адвозяць на комплекс для падкормкі жывёлы, астатняе ідзе на сянаж. Дарэчы, яго ў «Агравідзах» нарыхтавалі 171 тону, з іх больш за 70 тон заматалі ў палімерную плёнку.
Астатнія гаспадаркі, акрамя «Экзіта-прайм», таксама прыступілі да зялёнага жніва.
Напрыклад, у КУСП «Браслаўскі», па словах яго дырэктара Леаніда Крукава, касавіца ўжо пачалася, але тэмп яе мінімальны. Кіраўнік гаспадаркі кажа: «Пакуль касіць няма што: калі травы першага года пры наяўнасці ападкаў павінны ўзбуйніцца, то мінулагоднія зусім адмаўляюцца расці ў такіх засушлівых умовах. Зямлі вельмі патрэбен дождж».
На гэтым фоне ў сельгаспрадпрыемстве ўсяго працуе 12 механізатараў, усе яны добра ведаюць сваю справу і старанна выконваюць пастаўленыя задачы.
На касілках зараз занятыя Франц Пузырэўскі і Валерый Даргель. Апошні расказаў, што і рад бы папрацаваць ды зарабіць лішні рубель, але пакуль травы на палях слабыя – усе чакаюць дажджу. За свае 35 гадоў за рулём трактара Валерый прывык да ўсяго: раніх пад’ёмаў, частых паломак тэхнікі і іншых складанасцей, бо тут ён сам можа паўплываць на сітуацыю. А вось з надвор’ем не паспрачаешся, кажа ён. ■