Пішам гісторыю разам. Браслаўчанка Галіна Старавойтава і яе лёс на старонках раёнкі

Люди
Для таго, каб працягваць наш праект, мы зноў і зноў гартаем старонкі старых газет, дзе знаходзім новых герояў. На гэты раз галоўнай асобай публікацыі стала Галіна Старавойтава, якая залатымі рукамі і творчым падыходам робіць сваіх кліентаў больш прыгожымі, моднымі, стыльнымі. Галіна – цырульнік.
«ПРАФЕСІЯ САМА ЗНАЙШЛА МЯНЕ»

Галіна Старавойтава нарадзілася ў вёсцы Арцёмавічы Далёкаўскага сельсавета. Яе бацька працаваў механізатарам у мясцовым калгасе, а маці была прадаўцом у магазіне. У сям’і раслі дзве дачушкі і сын. Як расказвае наша гераіня, мама любіла рукадзелле і сёння займаецца ім: добра ўмее шыць, вязаць і ўвогуле рабіць штосьці прыгожае са звычайных рэчаў. Галіна лічыць, што гэты дар перадала маці і ёй. Дзяўчынка з дзяцінства ўмела добра маляваць і спрабавала сябе ў розных рамёствах. Яна бачыла свет неяк па-свойму прыгожым і захаплялася ўсім, што бачыла навокал. Пасля заканчэння школы Галіна прыехала ў Браслаў, а калі ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання ёй прапанавалі стаць вучаніцай цырульніка, смелая дзяўчына згадзілася. Сёння яна ўспамінае, што, крыху паназіраўшы за работай свайго настаўніка, зусім не баючыся, узяла ў рукі нажніцы ды акуратна падстрыгла першага кліента. Майстры хвалілі вучаніцу, казалі, што калі яна будзе любіць справу, практыкавацца, то зможа стаць добрым цырульнікам. Дзяўчына з энтузіязмам узялася за працу: ездзіла на адукацыйныя курсы, шмат назірала за калегамі і ўпэўнена рабіла першыя крокі ў прафесію.

Менавіта ў гэты час на старонках «Браслаўскай звязды» ў нумары ад 17 сакавіка 1984 года з’яўляецца публікацыя «Майстры прыгажосці» пра калектыў цырульнікаў РКБА, у якой узгадваецца і малады старанны спецыяліст:


…У дружным калектыве цырульнікаў набіраецца вопыту і майстэрства Галіна Андрукіна, якая не так даўно пачала асвойваць гэту прафесію. Дзяўчына стараецца не адставаць ад майстрыц, настойліва авалодвае сакрэтамі прафесіі. У бліжэйшы час цырульня будзе ператворана ў салон. А гэта значыць, кліенты змогуць атрымаць тут дадатковыя паслугі. Браслаўскія майстрыцы будуць рабіць не толькі стрыжку, завіўку, афарбоўку валасоў, але і іх лячэнне спецыяльнай эмульсіяй, манікюр, педыкюр пазногцяў, вячэрні макіяж твару…


Дарэчы, і сёння Галіна не толькі ўмее спраўляцца з валасамі, а і мае навыкі бравіста, калі трэба, і форму акуратную зробіць, і падфарбуе.

У САМАСТОЙНАЕ ПЛАВАННЕ

Прыкладна 12 гадоў Г. Старавойтава працавала ў РКБА побач з прафесіяналамі сваёй справы, перыядычна ездзіла на курсы павышэння кваліфікацыі і набіралася вопыту. Яна не баіцца пашкодзіць прычоску, бо бачыць знешнасць чалавека, з лёгкасцю ўмее падабраць стыльны вобраз для яго, схаваць недахопы знешнасці ды падкрэсліць вартасці. Таму вялікая колькасць браслаўчан пры выбары цырульніка аддаюць перавагу Галіне як выдатнаму спецыялісту.

– На самай справе ёсць людзі, якія стрыгуцца ў мяне ўсё жыццё. Я пераходзіла з адной цырульні ў іншую, а мае кліенты крочылі за мной, – кажа майстар. – Гэта не дзіўна: адным падабаецца, што магу паўтарыць адну і тую ж стрыжку некалькі разоў, іншым – што раю новыя вобразы і не баюся эксперыментаў, трэція ж выбіраюць ў маім твары не толькі цырульніка, а і суразмоўцу. Так і кажуць, маўляў, прыйшлі навінамі падзяліцца і прычоску падправіць. Пастаянныя кліенты – не толькі браслаўчане, часта заязджаюць мінчане, госці з Латвіі, Літвы і Расіі.

У 1990-х гадах час дыктаваў, што пара нешта мяняць, каб адпавядаць тагачасным тэндэнцыям. Цырульніца, зноў жа, не баючыся перамен і складанасцей, крочыла на новую прыступку кар’ернай лесвіцы і адкрыла свой бізнес. Каб пераадольваць складанасці было лягчэй, яна паклікала з сабой у «свабоднае плаванне» калегу – прафесіянала Дзіну Камінскую.

– Скажу чэсна, нам вельмі пашанцавала тады, што мы знайшлі добрае месца – арандавалі памяшканне ў гарадской гасцініцы, прама ў цэнтры Браслава. Тут адразу была і гарачая вада, і туалет, і месца дастаткова.

Частка людзей, што хадзілі да мяне на стрыжку ў КБА, засталіся маімі кліентамі, а таксама масава сталі прыходзіць новыя, – расказвае Галіна. – Мы заўсёды працавалі як экспрэс-цырульня – гэта значыць абслугоўвалі ўсіх, хто зайшоў, у той час як многія іншыя ўжо пераходзілі на работу па папярэднім запісе. Лічу, гэта таксама сыграла нам на руку.

Праз некаторы час прадпрымальніцы ў сваім памяшканні дазволілі размясціцца касметолагу – і цырульня ператварыліся ў невялічкі салон прыгажосці. Ён існаваў аж да 2011-га. У гэты год зноў у творчым жыцці цырульніка наступілі перамены: з новым партнёрам па бізнесе Ганнай Апанчонак Галіна адкрыла цырульню ў ГЦ «Віталіч».

Пісалі ў «Браслаўскай звяздзе» 14 мая 2011 года і пра гэты яе новы прафесіянальны ўзлёт – у артыкуле «Добры густ і залатыя рукі»:


…Для новага месца набылі сучаснае цырульніцкае абсталяванне, прафесіянальны інструмент, пазнаёміліся з навейшымі тэхналогіямі і мадэлямі стрыжак, прычосак, завівак. Для апошніх, напрыклад, набылі сучасныя прэпараты, якія не псуюць валасы і трымаюць локан больш доўгі час. Адным словам, падрыхтаваліся да работы ў новай цырульні сур’ёзна, і не дзіўна, што ў ёй заўсёды ёсць наведвальнікі.

Гэта даўнія кліенты майстроў і тыя, хто звярнуўся да іх упершыню. Але, мяркую, у раёне знойдзецца нямнога людзей, якія хоць бы раз ды не звярталіся да Галіны Старавойтавай. Добрыя водгукі за сваю работу яна заслужыла ад многіх людзей. Нават празмерна патрабавальныя ці прыдзірлівыя кліенты, якія па розных прычынах мянялі Галіну на іншага цырульніка, урэшце зноў вяртаюцца да яе. Па розных прычынах, але галоўныя – прафесіяналізм майстрыхі, яе ўменне падабраць чалавеку мадэль стрыжкі, прычоскі, якія падкрэсліваюць яго індывідуальнасць і прыгажосць…


Сёння таксама Г. Старавойтава разам з Г. Апанчонак працуюць на тым жа месцы. Іх цырульня адрозніваецца ад многіх іншых тым, што тут можна пастрыгчыся без папярэдняга запісу. І ў памяшканні заўсёды ўтульна і душэўна, усіх кліентаў майстры сустракаюць з усмешкай і добразычліва – пагадзіцеся, таксама немалаважны момант. Наогул, цырульніцы, як псіхолагі, да кожнага кліента падбіраюць свой ключык. Яны ствараюць не толькі прыгожую прычоску, а і ўтульную атмасферу, дзе наведвальнікі атрымліваюць пазітыў і станоўчыя эмоцыі. Напэўна, таму сюды заўсёды заходзяць кліенты.

«ШТО НІ ДЗЕНЬ, ТО НОВАЯ ІДЭЯ»

Па-за работай Галіна застаецца творчай натурай. Яна захапляецца прыродай Браслаўшчыны, з задавальненнем займаецца ля дома агародам і вырошчвае кветкі. Яшчэ жанчына любіць жывёл: у яе сабака і тры пародзістыя кошкі. Дарэчы, некаторы час Галіна афіцыйна займалася развядзеннем кацянят. Яшчэ яна добра ўмее шыць. Некалькі год таму назад сваімі рукамі майстравала лялек. Трэба адзначыць, што гэта былі не простыя вырабы, а цацкі вышэйшай якасці.

Шмат часу Г. Старавойтава стараецца праводзіць і са сваёй унучкай Ульянай. Разам яны гуляюць, а вечарамі п’юць чай і размаўляюць пра жыццё.

Ёсць і яшчэ адно захапленне ў Галіны – гэта падарожжы. Яна любіць бываць на моры, дзе знаходзіць спакой і натхненне. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ