Дэпутат Валянціна Турок: «Трэба заўжды ісці наперад»

Люди
Не стаяць на месцы, заўжды ісці далей, развівацца ў розных напрамках. Такое жыццёвае крэда дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Браслаўскім раёне Валянціны Турок, якая заўсёды прытрымліваецца актыўнай пазіцыі. Яшчэ ў школе дзяўчына была актывісткай, сябравала са спортам, асабліва захаплялася лыжнымі гонкамі, імкнулася шмат ведаць і да ўсяго мець дачыненне. Таму мэтанакіравана абрала для сябе сферу эканомікі, адвучылася і вярнулася на Браслаўшчыну.

Эканаміст грамадскага харчавання раённага спажывецкага таварыства – першае працоўнае месца маладога спецыяліста. Увогуле ж Валянціна Турок звыш 18 гадоў здзяйсняла эканамічны аналіз гаспадарчай дзейнасці ў структурных падраздзяленнях райпа, выяўляла рэзервы, распрацоўвала меры павышэння рэнтабельнасці, прадукцыйнасці працы і г. д.

Вакантную пасаду эканаміста прапанавалі В. Турок у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Браслаўскім раёне, а ўжо праз 5 гадоў назначылі яго дырэктарам.

Нягледзячы на шматлікія клопаты кіраўніка па арганізацыі дзейнасці падначаленага калектыву, забеспячэнні бездакорнага сэрвісу страхавых паслуг, захаванні рэпутацыі надзейнага партнёра падчас страхавання транспарту, нерухомасці і маёмасці, жыцця і здароўя кліентаў, Валянціна Францаўна па-ранейшаму займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, бо ўпэўнена, што любы чалавек не павінен абмяжоўваць сябе толькі працоўнымі зносінамі. Як намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» яна рэгулярна ўдзельнічае ў разнастайных раённых грамадска-палітычных мерапрыемствах, дабрачынных акцыях, на святочных лінейках віншуе вучняў за лепшыя дасягненні. Таксама В. Турок другі тэрмін запар з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Фрунзенскай выбарчай акрузе № 2. Яшчэ яна і дэпутат Слабодкаўскага сельсавета. У якасці кіраўніка арганізацыі і грамадскага дзеяча браслаўчанка пастаянна сустракаецца са сваімі выбаршчыкамі, выступае ў працоўных калектывах, расказвае пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі і нашай малой радзімы, тлумачыць розныя нюансы сацыяльнай страхавой абароны ў складаных жыццёвых сітуацыях, адказвае на пытанні мясцовага насельніцтва. Прыродны дар і напрацаваная практыка камунікацыйных зносін з людзьмі дапамагаюць ёй, мінаючы фармальнасці дэпутацкага запыту, разам з прадстаўнікамі раённых службаў, кіраўнікамі мясцовых арганізацый шукаць аптымальнае рашэнне якой-небудзь праблемы, што хвалюе насельніцтва. Напрыклад, пасля банкруцтва райпа шмат трывожных пытанняў узнікала наконт гандлёвага абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў. В. Турок лічыць, што дэпутацкі корпус раёна падчас зваротнай сувязі з вясковымі жыхарамі ўнёс сваю лепту, каб большасць праблем страцілі сваю актуальнасць.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская адзначае слушнасць заўваг, прапаноў В. Турок і як члена пастаянна дзеючай камісіі па пытаннях эканамічнай дзейнасці на пасяджэннях прэзідыума райсавета, планавых сесіях. Па прызнанні самой Валянціны Францаўны, грамадская работа не з’яўляецца для яе цяжарам, наадварот, насычае ўласнае жыццё дадатковымі ведамі, кампетэнтнасцю і эмоцыямі. ■

Казімір ПЯТУШКА