Лукашэнка заслухаў даклад па беларуска-расійскіх адносінах і не толькі

Новости
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога з комплексным дакладам па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт у пачатку сустрэчы пазначыў шэраг ключавых пытанняў для абмеркавання. Гэта стан гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і дынаміка ў гэтым кірунку, развіццё ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі, неабходнасць вырашэння пэўных праблемных пытанняў, рэалізацыя саюзных праграм і пытанні лагістыкі для пастаўкі за мяжу айчынных тавараў. Яшчэ адна тэма – Еўразійскі эканамічны форум у Маскве і іншыя больш дробныя пытанні.

«Перш за ўсё – аснова – эканоміка. Як эканамісты мы выдатна разумеем, што без гэтага ніякіх адносін быць не можа. Я ведаю лічбы, ведаю, што і тавараабарот павялічыўся, і на дадатнае сальда нарэшце мы выйшлі. Гэта значыць гандаль збалансаваны. Мяне цікавяць дынаміка, тэндэнцыі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы заўсёды казалі, што наш поспех у Расеі – гэта рэгіёны. Я бачу, назіраю: вы шмат бываеце ў рэгіёнах. І гэта правільна. Да нас прыязджаюць губернатары. Мы іх прымаем на самым высокім узроўні. Тут таксама дынаміка якая? Якое стаўленне там, на месцах, да Беларусі, беларускай прадукцыі? Наогул, імідж Беларусі на гэтай велізарнай расійскай прасторы», – пазначыў наступную тэму для абмеркавання кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін блок пытанняў датычыўся супрацоўніцтва па рэалізацыі саюзных праграм у розных сферах. Беларускага лідара цікавілі канкрэтныя праграмы імпартазамяшчэння, на якія Расія гатовая выдаткаваць да $1,5 млрд крэдытных рэсурсаў для таго, каб замясціць тыя напрамкі, што агаліліся пасля сыходу амерыканцаў і Захаду ў цэлым, іншых недружалюбных краін з рынкаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін часта сустракаюцца: «Мы імкнуліся дапамагчы ўрадам развязаць нейкія вузлы, у тым ліку і вам». Ён падкрэсліў, што ні Расію, ні Беларусь Захаду не ўдалося задушыць. «Шмат у чым дзякуючы таму, што мы з Расіяй разам узяліся цягнуць гэты воз», – сказаў Прэзідэнт. ■

Паводле матэрыялаў БелТА