Паказальна, што адзначыць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна ля будынка гімназіі разам сабраліся вучні з розных устаноў адукацыі раёна, лепшыя піянеры, актывісты пярвічных арганізацый БРСМ, члены школьных ваенна-патрыятычных клубаў, навучэнцы профільнага класа МНС СШ № 2, каманда ЮІД «Зялёнае святло» з Ахрэмаўцаў, а яшчэ і падтрымаць сваіх таварышаўгімназістаў, якія ў гэты дзень таксама сталі членамі ваенна-патрыятычнага клуба «МаршБрасОК».
Новы клуб створаны дзякуючы сумеснай ініцыятыве гімназіі і Браслаўскага РАУС. Яго мэта – згуртоўваць падлеткаў для прасоўвання ідэй выхавання падрастаючага пакалення і распаўсюджваць грамадскія нормы і правілы паводзін. Удзельнікамі аб’яднання сталі 12 гімназістаў, якім у святочнай абстаноўцы ўручыў пасведчанні клуба начальнік РАУС Аляксандр Мядзелка. Ён павіншаваў усіх прысутных з дзяржаўным святам:
– Памятайце, што будучыню магчыма пабудаваць толькі ў мірнай і незалежнай краіне. Наша з вамі задача – вучыцца і працаваць на карысць малой радзімы і ўсёй дзяржавы, памятаць і захоўваць дасягненні нашых продкаў, памнажаць іх, а таксама імкнуцца да новых вяршынь.
Права ўзняць дзяржаўны сцяг на святочным мерапрыемстве прадаставілі Леаніду Стрыновічу, настаўніку працоўнага навучання Опсаўскай СШ, двойчы ўдастоенаму звання «Лепшы па прафесіі», і Лізавеце Капусце, вучаніцы гімназіі і актыўнай удзельніцы раённых мерапрыемстваў і конкурсаў.
У гэты дзень удзельнікі ўрачыстасці яшчэ раз пачулі гісторыю станаўлення дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, усе разам спявалі гімн, а канцэртныя нумары былі прысвечаны Браслаўшчыне і роднай Беларусі. ■