Юбілеі прынята сустракаць у коле родных, сяброў і знаёмых. Так і зрабіў мясцовы народны ансамбль песні «На панадворку», запрасіўшы ўсіх на святочны канцэрт.
Калектыву ёсць чым ганарыцца і што сказаць сваім прыхільнікам: за 30 год існавання ён назапасіў багаты рэпертуар. На юбілейным канцэрце са сцэны гучалі самыя любімыя і прыгожыя песні ў жывым выкананні.
Сёння ў склад «На панадворку» ўваходзяць Вольга Усава, Вольга і Ілья Садоўскія, Марына Конан, Валянціна Пінаева, Аляксандра Раманская, Раман Гембіцкі, Пётр Кухаронак. Нязменны кіраўнік народнага ансамбля – хормайстар РЦК Марына Шыркевіч.
Павіншаваць калектыў з памятнай датай прыйшлі былыя ўдзельнікі, якія цяпер хоць і не выступаюць у яго складзе, але душой заўсёды з аднадумцамі. Праўда, не ўсе знаходзіліся ў зале РЦК як гледачы: некаторыя падрыхтавалі песенныя падарункі – гэта Іван Русецкі, Алёна Пясчынская, Ганна Голубева і Леанід Лаўрыновіч. Апошні, дарэчы, з’яўляецца аўтарам візітнай песні ансамбля. Адрасавалі юбілярам свае сюрпрызы і калегі па сцэне.
Павіншаваць з важнай датай у летапісе калектыву прыйшла таксама былы начальнік аддзела культуры Валянціна Вашчанка, якой і належыць ідэя стварэння ансамбля, але з адной умовай – «зрабіць так, каб было не сорамна прадстаўляць раён на розных мерапрыемствах, у тым ліку замежных». І наказ старэйшай калегі быў выкананы: сёння «На панадворку» бліскуча выступае на сцэнах рознага ўзроўню. Ён лаўрэат шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Яго любяць браслаўчане, прыхільна сустракаюць жыхары сусед- ніх раёнаў.
Кожны выхад ансамбля «На панадворку» гледачы сустракалі апладысментамі і падпявалі. Было бачна, што яны любяць калектыў і добра ведаюць яго песні. Юбілейны канцэрт адзначыўся і яшчэ адной прыемнай падзеяй: Марыне Шыркевіч была ўручана Ганаровая грамата Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў. ■