Як расказала галоўны аграном сельгаскааператыва Валянціна Таўкінь, сёлета сяўба пачалася прыкладна ў тыя ж даты, як і раней: у сярэдзіне красавіка. Тэхніка была падрыхтавана загадзя, чакалі толькі падсыхання глебы і яе прагравання. Як стала магчыма, механізатары адправіліся на палеткі – праводзіць падкормку пашы і азімых, падсяваць шматгадовыя травы, рыхтаваць глебу ды сеяць.
У гаспадарцы наладжана работа трох аддзяленняў. Адным з іх кіруе Валерый Кезік. Ён расказаў, што кожную раніцу пасля нарады ў галавы сельгасарганізацыі і падрабязнага абмеркавання планаў на дзень выязджае на поле, дзе збірае механізатараў і даводзіць ім заданні. Пасля чаго кожны заняты сваёй справай.
Да працы ў «Маяку» заўсёды падыходзяць адказна, максімальна захоўваючы тэхналагічныя нормы. Напрыклад, у некаторых гаспадарках апускаюць адзін з важных этапаў – збор камянёў. Тут жа гэтаму надаецца асаблівая ўвага. Разам з вясенне-палявымі работамі маякоўцы пачалі ачыстку палёў. На іх штодзень працуюць 3 каменеўборачныя агрэгаты і брыгада наёмных работнікаў, якія крочаць за тэхнікай і збіраюць каменне ўручную.
На палетках «Маяка Браслаўскага» працуюць 6 пасяўных агрэгатаў, разам яны ўжо засеялі 564 га зерневых культур і 240 га рапса. Вясенне-палявы сезон штодзень набірае абароты. ■