У Браслаўскім раёне пасеяна 53,2 % ад запланаваных плошчаў яравых збожжавых і зернебабовых культур

Новости
У Браслаўскім раёне пасеяна 53,2 % ад запланаваных плошчаў яравых збожжавых і зернебабовых культур. Бліжэй за ўсіх да фінішу на сяўбе ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс».

Як расказаў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Міхайлаў, у гэтым сезоне яравы клін збожжавых складзе 400 га, з іх незанятых засталося каля дзясятку. Усе работы вядуць 10 механізатараў, якія час ад часу мяняюць адны прычапныя агрэгаты на іншыя і такім чынам закрываюць увесь цыкл.

Дырэктар запэўнівае, што ў гаспадарцы працуюць людзі, якія сур’ёзна, з поўнай адказнасцю адносяцца да даверанай справы, кожны ведае, што заробак залежыць ад выпрацоўкі. Таму механізатары імкнуцца як след падрыхтаваць да выезду на поле тэхніку, каб не марнаваць там час.

У «Аграсэрвісе» не першы год шчыруюць бацька і сын Багдановічы. Абодва яны на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Малады Багдановіч – Аляксандр – расказвае, што ён вярнуўся на працу ў родную гаспадарку. Любіць гэтыя мясціны, бо сам родам з Ахрэмаўцаў. Праўда, раней быў вымушаны перайсці на іншую работу, цяпер жа бачыць перспектывы на малой радзіме, у сваім сельгаспрадпрыемстве.

У гэтым сезоне на МТЗ-3022 А. Багдановіч то ўзворвае глебу, то чапляе сеялку і закладае новы ўраджай. Ён прызнаецца, што не шкадуе пра рашэнне вярнуцца ў гаспадарку: яго задавальняе і графік работы, і заробак, і адносіны з кіраўніцтвам.

– Калі чэсна казаць, то я чакаў пачатку сезона з нецярпеннем, – гаворыць Аляксандр, – бо, па-першае, даўно падрыхтаваў свой трактар да працы, а па-другое, выдатна разумею, што сезонныя работы – гэта добры заробак.

З павагай адгукаецца А. Міхайлаў пра маладога механізатара, кажа, што Аляксандр любіць тэхніку і да давераных яму трактара ды камбайна адносіцца як да свайго асабістага транспарту. Ён скрупулёзна рыхтуецца да кожнага выезду, а па заканчэнні рабочага дня абавязкова прыводзіць тэхніку ў парадак. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ