У Браслаўскім раёне сельгаспрадпрыемствы прыступілі да вясенне-палявых работ

Новости
У Браслаўскім раёне ўсе сельгаспрадпрыемствы прыступілі да вясенне-палявых работ. Пачалася сезонная кампанія па закладцы будучага ўраджаю.

Аграрыі Браслаўшчыны рыхтаваліся да яравой сяўбы загадзя: рамантавалі тэхніку, навясныя агрэгаты, назапашвалі мінеральныя ўгнаенні, закуплялі насенны матэрыял і інш. І як толькі стала магчыма, на палеткі раёна выехала агратэхніка.

Кіраўніцтва гаспадарак разумее, што часу на раскачку няма, трэба карыстацца пагодлівымі днямі і паспяваць не толькі сеяць, а і выконваць абсалютна ўсе вясенне-палявыя работы, строга прытрымліваючыся рэгламенту і тэхналагічных нормаў.

Як расказала Наталля Іванова, намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу, сёлета азімыя перазімавалі нядрэнна, але без гібелі не абышлося: прыкладна 6 % іх спісана. Вясной тэхніка выехала на палі своечасова. На сённяшні дзень паралельна з падсевам шматгадовых траў вядзецца падкормка азотам іх і азімых збожжавых, а таксама набірае тэмп узворванне глебы і падрыхтоўка яе да сяўбы. Па меры гатоўнасці плошчы тут жа засяваюцца зерневымі культурамі. Дарэчы, актыўна ідзе пратраўліванне насення.

Калі казаць пра асобныя гаспадаркі, то 10 красавіка першымі рыхтаваць глебу выехалі ў «Друйскім», 11 красавіка пасяўную распачалі «Агравідзы» і зноў жа «Друйскі». Потым штодзень да іх далучаліся астатнія гаспадаркі.

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на раніцу 20 красавіка ўсяго ў раёне было ўзарана 454 га, або 11,5 % ад плана. Да сяўбы падрыхтавана 1 038 га плошчаў, з якіх 946 засеяна.

На пасяўной ужо ёсць свае лідары – «Браслаўскі райаграсэрвіс», «Агравідзы» і КУСП «Браслаўскі». Астатнія гаспадаркі набіраюць тэмп.

Арганізацыйных пытанняў пакуль нямала, але ўсе яны рашаюцца па меры магчымасці. Напрыклад, існуе кадравая праблема – востры недахоп механізатараў дапамагаюць закрыць гарадскія арганізацыі, з якіх на вясенне-палявыя работы ў разнастайныя сельгаспрадпрыемствы раёна прыцягнуты 14 работнікаў. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ