Юныя браслаўчане актыўна ўключыліся ў раённую патрыятычную акцыю «30 спраў для Перамогі»

Год мира и созидания
Навучэнцы школ і выхаванцы дзіцячых садоў актыўна ўключыліся ў раённую патрыятычную акцыю «30 спраў для Перамогі», пра старт якой на Браслаўшчыне аддзел райвыканкама па адукацыі аб’явіў на мінулым тыдні. Працягнецца ініцыятыва да 9 мая і стане часткай маштабнага святкавання.

У гэты перыяд дзеці, іх педагогі і бацькі далучацца да масавых сацыяльна значных мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны і ўшанаванню Перамогі. Актыўнасці, арганізаваныя ў рамках акцыі, маюць адукацыйны і творчы характар, закранаюць шмат якія аспекты выхавання і аб’ядноўваюць удзельнікаў рознага ўзросту.

Першы дзень патрыятычнай акцыі прайшоў пад знакам памяці пра ахвяр жорсткіх ваенных гадоў і быў прымеркаваны да Міжнароднага дня вызвалення вязняў канцлагераў. Напрыклад, навучэнцы і кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 1 імя А. М. Жданава і Відзаўскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у дыялогавай анлайн-пляцоўцы «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд», арганізаванай у медыяцэнтры Віцебскай вобласці, а ў СШ № 2 адбылася тэматычная інфармацыйная гадзіна, на якую запрасілі пракурора Браслаўскага раёна Юрыя Кезіка.

Валанцёры-жданаўцы ў рамках ініцыятывы «30 спраў для Перамогі» сумесна з супрацоўнікамі і наведвальнікамі аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання ТЦСАН арганізавалі экалагічную акцыю. Калектывы ўстаноў адукацыі таксама наводзяць парадак на воінскіх пахаваннях і ля помнікаў загінулым воінам: сумеснымі намаганнямі вучні і педагогі прыбіраюць смецце, выдаляюць старыя кусты, абнаўляюць агароджы і надпісы на памятных знаках.

Цяпер дашкольнікі і навучэнцы ўключыліся ў кінамарафон «Дзецям пра дзяцей Вялікай Айчыннай…», падчас якога знаёмяцца з мастацкімі творамі, прысвечанымі лёсам хлопчыкаў і дзяўчынак, што ў гады ліхалецця сваёй мужнасцю, адвагай і нават цаной жыцця набліжалі Перамогу. ■

Жанна БЯЛЬКО