У Віцебску 14 красавіка ўшаноўвалі лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны вобласці. Узнагароды розных узроўняў атрымалі амаль 120 чалавек, дзевяць з іх – браслаўчане.
У традыцыйнай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Галава вобласці ў сваім выступленні падкрэсліў, што за апошнія гады жывёлаводамі Віцебшчыны зроблена нямала, але яшчэ ёсць да чаго імкнуцца і раўняцца трэба на лепшыя гаспадаркі. Л. Заяц у сваю чаргу таксама адзначыў, што ў жывёлагадоўлі паўночнага рэгіёна краіны ёсць пэўныя поспехі, якімі можна ганарыцца.
Сёлета 9 жывёлаводаў з Браслаўшчыны былі ўзнагароджаны за поспехі ў працы. Сярод іх – старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель, які атрымаў нагрудны знак пашаны Мінсельгасхарчу «За заслугі ў сельскай гаспадарцы», а таксама 7 работнікаў гэтага ж сельгаспрадпрыемства: Святлана Басікірская, Ірына Цыўнэль, Ганна Ходзюш, Марыя Гарошка, Алеся Прошка, Наташа Ташкун і Аліна Лакотка. Адзначылі на мерапрыемстве і Алёну Бекіш – аператара машыннага даення з ААТ «Агравідзы».
Кожнаму з прысутных у зале работнікаў жывёлагадоўчай галіны Аляксандр Субоцін адрасаваў словы шчырай удзячнасці за працу:
– Вы ўносіце вялікі ўклад у развіццё вобласці. Дзякуючы вам мы кожны дзень маем на сваім стале малочныя прадукты і мяса высокай якасці. Вашы адказнасць, мэтанакіраванасць, вернасць сялянскаму абавязку служаць прыкладам. Няхай увага і шчырыя словы высокай ацэнкі вашай працы стануць добрым стымулам для далейшых дасягненняў!
Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікаў мерапрыемства чакаў святочны канцэрт. ■