Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры»

Новости
Захаванне гістарычнай памяці на фоне 80-й гадавіны трагедыі ў Хатыні стала галоўнай тэмай для размовы падчас сустрэчы старшыні райвыканкама Вячаслава Грышчанкі з калектывам Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».

Па словах навуковага супрацоўніка НДУК «Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў» Ірыны Макарэвіч, хатынская трагедыя – самая вядомая, але далёка не адзіная чорная старонка ў нашай гісторыі. Музейны работнік падкрэсліла, што падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты праводзілі планамерную кампанію па знішчэнні беларусаў. Прычым гаворка ідзе менавіта пра наша мірнае насельніцтва, і інакш як генацыдам гэта і назваць нельга.

Спаленая разам з жыхарамі Хатынь не адрадзілася. На яе месцы яшчэ ў 1960-х быў узведзены мемарыял, які стаў сапраўдным месцам болю нашага народа. Літаральна ў мінулым месяцы ён зноў адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі. Гэта сведчыць толькі пра адно: беларусы шануюць памяць ахвяр ваеннага ліхалецця і засвоілі ўрокі гісторыі.

Тым часам лёс Хатыні раздзялілі і чатыры вёскі на Браслаўшчыне – Баравыя, Лабэцкія, Рэпаўшчына і Стайкі. Пра існаванне гэтых населеных пунктаў цяпер таксама нагадваюць толькі маўклівыя журботныя манументы.

Што тычыцца агульнай лічбы знішчаных фашыстамі беларускіх вёсак, то яна ў маштабах краіны вымяралася тысячамі. Аднак і гэтыя даныя, як высветлілася цяпер, былі недакладнымі. У рамках расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўсплылі новыя факты. «Толькі на Браслаўшчыне, да прыкладу, колькасць спаленых вёсак павялічылася з 97-мі да 119-ці. Устаноўлена тры раней невядомыя месцы пахавання ахвяр вайны з ліку мірнага насельніцтва», – адзначыла І. Макарэвіч. І гэтая работа працягваецца.

Вывад адзін: забываць нельга. А памятаць трэба абавязкова, каб не дапусціць паўтарэння.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі механізмы накапляльнай пенсіі, зробленае і запланаванае па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Браслаўшчыны, аспекты ўзаемадзеяння прыродаахоўнай установы з раённым сродкам масавай інфармацыі. Работнікі нацыянальнага парка, у сваю чаргу, таксама паднялі некалькі цікавячых іх пытанняў. Гаворка ішла пра стан дарог, уцяпленне шматкватэрнага дома, утрыманне ў належным стане грамадскіх могілак, стан узаемаразлікаў паміж суб’ектамі гаспадарання.

Вячаслаў Грышчанка падзякаваў калектыву ўстановы за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, але заклікаў яго рабіць гэта яшчэ больш дзейсна. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ