Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Браслаўскага РЭСа

Новости
Гісторыка-культурная і прыродная спадчына Браслаўшчыны як фактар развіцця рэгіянальнага турызму стала галоўнай тэмай для размовы на сустрэчы інфармацыйнай групы старшыні райвыканкама з калектывам РЭСа.

Пра турыстычны патэнцыял нашага раёна ў заяўленым накірунку энергетыкам расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына. Яна падкрэсліла, што рэгіён валодае значнымі магчымасцямі ў плане індустрыі адпачынку. Гэта і выключныя прыродныя ўмовы, і цэлы шэраг адметных падзей, якія таксама прывабліваюць турыстаў. Гаворка ідзе пра шматлікія спартыўныя мерапрыемствы, у тым ліку нетрывіяльныя накшталт зімовага трыятлону, рэгаты ці гонак на лодках-драконах, папулярныя рэлігійныя ініцыятывы і, зразумела, маштабныя фестывалі. Асобна Ю. Чагарына адзначыла «Браслаўскія зарніцы». «Трэба разумець, што гэта адмысловае свята, якое праводзіцца з мэтай папулярызацыі традыцыйнай беларускай культуры, а таму параўноўваць яго, скажам, з Viva Braslav, не зусім карэктна. Разам з тым гэта адзін з найстарэйшых фестываляў Беларусі, што само па сабе ўжо заслугоўвае ўвагі», – падкрэсліла яна.

Дапоўнілі парадак дня пытанні дарожнай бяспекі і добраўпарадкавання.

Супрацоўнікі РЭСа ў баку ад дыялогу не засталіся і актыўна задавалі гасцям цікавячыя іх пытанні. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на некаторыя аспекты ПДР, патэнцыяльную небяспеку адкрытых калодзежаў на будпляцоўцы, неналежную якасць пітной вады ў раёне шматкватэрнай забудовы па вул. Кастрычніка, аператыўнасць работы аварыйнай камунальнай службы, неабходнасць больш увагі надаваць стану кантэйнерных пляцовак, барацьбе з бадзяжнымі жывёламі і добраўпарадкаванню берагавой лініі возера Дрывяты ў межах горада.

Вячаслаў Грышчанка паставіў адпаведным службам задачу аператыўна разабрацца ў гэтых праблемах і зрабіць усё магчымае для іх вырашэння. «У нас агульная мэта – зрабіць жыццё ў Браслаўскім раёне больш лепшым і камфортным для усіх», – рэзюмаваў старшыня райвыканкама. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ