Музычны выпускны баль прайшоў у Ахрэмаўскім філіяле школы мастацтваў

Новости
Мінулая пятніца для пяці вучаніц Ахрэмаўскага музычнага філіяла Браслаўскай ДШМ стала развітальнай. У гэты дзень дзяўчаты – навучэнкі інструментальнага аддзялення – атрымалі атэстаты ўстановы.

Музычная ўстанова ў Ахрэмаўцах існуе з 1986 года. Гэта цудоўная магчымасць мясцовым дзеткам атрымаць дадатковую адукацыю. Школа запатрабавана: штогод у ёй навучаецца да 30 вучняў. Дзеці засвойваюць майстэрства ігры на цымбалах, баяне, фартэпіяна, вучацца спяваць у хоры і вывучаюць тэарэтычныя дысцыпліны. Разам з гэтым яны проста пачынаюць любіць музыку і разбірацца ў ёй. Пра гэта, дарэчы, і казала маці адной з выпускніц – Святлана Сапун. Ад імя бацькоў яна дзякавала педагагічнаму складу школы Альберту Белусю, Ірыне Каральковай і Таццяне Саковіч за цярпенне і любоў да вучняў. Не хавалі свайго хвалявання і педагогі: было бачна, што яны з трапяткім пачуццем адносяцца да сваіх музыкантаў і жадаюць ім далейшых поспехаў.

З асаблівым гонарам трымалі ў раках і дзяўчаты свае заслужаныя атэстаты. Сем гадоў яны некалькі разоў на тыдзень прыходзілі ва ўстанову, развучвалі п’есы, адточвалі майстэрства, удзельнічалі ў справаздачных канцэртах. Цяпер яны – выпускнікі. І зусім па-іншаму, па-даросламу гучалі ў гэты дзень мелодыі, якія гралі для сваіх бацькоў і педагогаў. ■

Алена НАБЕЕВА