Categories: Люди

Уладар гліны. Браслаўчанін Валерый Зінкевіч – вядомы ў Беларусі майстар керамікі

Ганчарства вядома ў Беларусі яшчэ з часоў неаліту – каля 10 тыс. гадоў да н. э. Сама назва рамяства мае пачатак ад слова горн (горан, гарно), што абазначала печ для абпальвання.
Валерый Зінкевіч, мастак Браслаўскага музейнага аб’яднання і рамеснік у адной асобе, прайшоў доўгі шлях, каб адчуць сваю моц валодаць глінай, як нашы продкі. Сёння ж ён з’яўляецца адным з вядомых у Беларусі ганчаром і рэканструктарам гістарычнай і этнаграфічнай керамікі.
РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКА – МАРА ДЗЯЦІНСТВА

Адгалоскі такой распаўсюджанай сацыяльнай з’явы савецкага часу 60-х гадоў, як спрэчка паміж «фізікамі» і «лірыкамі», праяўлялася яшчэ і ў 80-х. Жыць творчасцю розуму, а не пачуцця, тэорыяй вынаходніцтва і эксперыментаў імкнулася мноства юнакоў. Не выключэннем на гэтым фоне прафарыентацыі быў і Валерый, які змалку захапляўся радыёэлектронікай і ў старшым школьным узросце мог нават самастойна пераматаць сапсаваны трансфарматар для радыёапаратуры.

Але цвярозы разлік уласных магчымасцей аддаў перавагу замест РТІ Вілейскаму тэхнічнаму вучылішчу, якое хлопец закончыў у 1982 годзе з чырвоным дыпломам спецыяліста кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.

– На гэтым, – кажа Валерый, – мая кар’ера як радыёэлектроншчыка і закончылася, бо на тэрміновай ваеннай службе спатрэбіліся іншыя мае здольнасці, удасканаленне якіх паспрыяла на ўсё жыццё трывала замацавацца ўсё ж такі ў стане «лірыкаў», хоць добры паяльнік і па сённяшні дзень не ляжыць, пакрыты пылам.

МАСТАК-АФАРМІЦЕЛЬ

Тэрміновую ваенную службу Валерый праходзіў у Маскве, і на другім годзе воінскага абавязку быў накіраваны ў мастацкую майстэрню, якая афармляла ленпакоі і вучэбныя класы. Пра від войскаў, дзе служыў, сталы ўжо мужчына па-ранейшаму ўмоўчвае, з усмешкай толькі кажа, што менавіта там навучыўся пісаць шрыфты «левай пяткай правай нагі» і быў упэўнены: паспрабуе паступіць на мастацка-графічны факультэт у Віцебску.

Так і склалася: пасля падрыхтоўчых курсаў былы армеец з галавой акунуўся ў вірлівае студэнцкае жыццё мастакоў – выкладчыкаў і студэнтаў. Гады вучобы на мастацка-графічным факультэце праляцелі бы адно імгненне, нягледзячы нават на тое, што даводзілася разам з жонкай Элеанорай сумяшчаць граніт навукі з выхаваннем маленькай дачушкі. Дарэчы, хоць вучыліся яны ў адной ВНУ, аднак пазнаёміліся за тэнісным сталом на Браслаўскай прафсаюзнай турбазе. І гэтае знаёмства аказалася лёсавызначальным.

Працоўная дзейнасць маладых спецыялістаў пачалася па размеркаванні ў першай гарадской школе, праз нейкі час Валерый вёў гурткі ў Доме піянераў, затым перайшоў у музейнае аб’яднанне, дзе і сёння працуе мастаком, нягледзячы на дастаткова працяглы перапынак. Быў перыяд, калі значыўся В. Зінкевіч у штатным раскладзе ўстановы і як метадыст па ганчарстве.

ФАРМОЎКА – КАЙФ, АБПАЛ – РЫЗЫКА

Па словах рамесніка, здольнасці да мастацтва яму перадаліся ад бацькі, чалавека з тэхнічнымі схільнасцямі характару, але і з прыродным дарам мастака-аматара. А вось прыкласці сваю руку да ганчарства Валерый доўга ніяк не рашаўся. У яго памяці па сённяшні дзень захаваліся незабыўныя дзіцячыя ўражанні пасля прагляду дакументальнага фільма пра майстэрства латгальскага ганчара, з творчай зайздрасцю пазіраў ён на керамічныя вырабы прафесіяналаў ва ўніверсітэце і ўсё сумняваўся ў сваіх магчымасцях стварыць з грунту, што ляжыць пад нагамі, прыгожую, трывалую і патрэбную рэч, але парастак жадання ўсё мацнеў.

Даволі цеснае знаёмства з браслаўчанкай Нінай Кузьміновай, самабытным майстрам традыцыйнага ганчарства, надало ўпэўненасці, і ў 1994 годзе В. Зінкевіч зрабіў свой першы ганчарны круг і абсталяваў у музеі рамёстваў майстэрню. Бывала, што амаль суткамі «прападаў» там.

У пачатку 2000-х Валерый пачаў рэгулярна ўдзельнічаць у міжнародных фестывалях, якія, на яго погляд, нагадвалі больш пленэры па ганчарстве з абменам вопыту і майстар-класамі. Так паступова браслаўчанін і стаў вядомым майстрам, які на прафесійным узроўні вырабляе «копіі» археалагічнай керамікі – утылітарную і культавую старажытнасці народаў Еўропы ад неаліту да 15 стагоддзя, а таксама этнаграфічную (збаны, глякі, берасцянікі). Нездарма ж менавіта з ім кіраўніцтва НП «Белавежская пушча» пажадала заключыць дагавор як з рэканструктарам.

На працягу трох гадоў браслаўскі рамеснік працаваў над рэалізацыяй праекта нацыянальнага парка поплеч са знакамітымі беларускімі археолагамі, атрымаў ад такога супрацоўніцтва задавальненне ад самарэалізацыі, пры гэтым жартуе, што і заробленыя грошы яшчэ не ўсе «праеў».

Цяпер жа ганчар рыхтуе калекцыю, якая ў пачатку красавіка будзе экспанавацца ў выставачнай зале абласнога навукова-метадычнага цэнтра сумесна з творчымі работамі яго жонкі, сястры і малодшай дачкі. Рэалізаваць такі праект прапанавала ўпраўленне культуры.

Летам сумесная выстава пераедзе ў Браслаў. ■

Казімір ПЯТУШКА
admin

Recent Posts

Это отражение наших национальных ценностей. Почему важно знать и уважать государственные символы

Государственные символы - зеркало наших национальных ценностей, идентичности нашего народа и в Беларуси уровень уважения…

1 день ago

Опубликован план выезда врачей-специалистов Витебского медуниверситета на май. В Браславе будет работать отоларинголог

Продолжается консультативная помощь по медицинско-лечебному профилю преподавателя Витебского государственного медуниверситета для жителей Браславского района. Выезд…

2 дня ago

Посмотрите, какие красивые (и вкусные!) куличи испекли к Пасхе в Видзовском колледже

В это воскресенье православные верующие будут отмечать Светлое Воскресение Христово - Пасху. Среди разнообразных праздничных…

2 дня ago

Специалисты рассказали, как изменение климата влияет на безопасность труда

С 2003 года 28 апреля Международная организация труда ежегодно проводит Всемирный день охраны труда, акцентируя…

2 дня ago

Белорусов предупреждают: штраф за букет сирени может достигать Br2000

В весеннюю пору года многие обращают внимание на запах сирени. Кажется, что этот чарующий аромат…

2 дня ago

ИМНС анонсировала изменения в налогообложении самозанятых и ИП

Налоговая инспекция напоминает: ...О формировании чеков плательщиками налога на профдоход. Инспекция МНС по Полоцкому району…

2 дня ago