Комплекс мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці спаленых вёсак, пад агульнай назвай «Сёстры Хатыні» прайшоў у Браслаўскім раёне.
У рамках рэспубліканскай ініцыятывы на мемарыялах пасля зімы навялі парадак і арганізавалі мітынгі-рэквіемы.
На месцы расстрэлу жыхароў в. Лабэцкія, што ў Опсаўскім сельсавеце, у суботу сабраліся прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя-пагранічнікі, школьнікі і мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяр ваеннага ліхалецця.
Дарэчы, на мемарыяльнай пліце тут высечаны імёны дваццаці васьмі чалавек, у асноўным жанчын і дзяцей, па-зверску расстраляных нямецкімі карнікамі ў лютым 1943-га.
З дапамогай краязнаўцаў прысутныя ўзгадалі храналогію тых страшных дзён, пастаялі ў хвіліне маўчання, усклалі да помніка кветкі і запалілі свечкі.
«Жывыя, памятайце пра нас…» – нямы заклік на чорным камяні нібыта папярэджвае: такое не павінна паўтарыцца. І мы памятаем. А значыць – ніколі зноў. ■