Вечар сустрэчы выпускнікоў у першай школе прайшоў у анлайн-рэжыме

Новости
Ужо шмат гадоў у першую суботу лютага школы гасцінна адчыняюць дзверы, запрашаючы выпускнікоў на вечар сустрэчы. Сёлета ж традыцыйнае мерапрыемства ўпершыню за сваю доўгую гісторыю не адбылося: яно было адменена праз няпростую эпідэміялагічную сітуацыю. А ў СШ № 1 імя А. М. Жданава ў дадатак яшчэ ідзе рамонт актавай залы. І ўсё ж такі былыя вучні менавіта першай гарадской школы змаглі на пэўны час вярнуцца ў незабыўнае мінулае.

Для гэтага ім трэба было зайсці на сайт установы адукацыі, дзе напярэдадні 6-га лютага з’явіўся новы раздзел «Завочная сустрэча выпускнікоў – 2021». Ён атрымаўся дастаткова змястоўным. Невялікія па працягласці відэаролікі прадстаўляюць шэсць юбілейных выпускаў, пачынаючы з 1971 года.

За гэты час пасталелыя браслаўчане раз’ехаліся па розных гарадах і нават краінах. Тым не менш, іх аб’ядноўваюць бесклапотныя маладыя гады, узгадаць якія можна, разглядаючы шматлікія фотаздымкі. Яны захоўваюць розныя моманты школьнага жыцця – ад звыклых урокаў да турыстычных паходаў ці святочных выступленняў. Прыемна паслухаць таксама відэапрывітанні ад класнага кіраўніка і былых аднакласнікаў: цёплыя словы навяваюць добрыя ўспаміны пра вучнёўскую пару, вяртаюць у дзяцінства і юнацтва. Не забыліся ў першай школе і пра тых настаўнікаў, якіх ужо забраў няўмольны час: пра іх нагадала асобная прэзентацыя «Памяць сэрца».

Тым выпускнікам, хто пакінуў сцены роднай установы 20, 30 і больш гадоў таму назад, было цікава даведацца, якія змены тут адбыліся, падчас віртуальнага падарожжа па знаёмых вучэбных кабінетах.

І ў заканчэнне анлайн-сустрэчы – традыцыйнае слова дырэктара Тамары Стома да былых вучняў:

– У кожнага чалавека ўласная школа жыцця, але СШ № 1 – гэта той агульны дом, дзе вы раслі, вучыліся, сталелі. І колькі б гадоў ні прайшло, заўсёды заставайцеся маладымі, бадзёрымі і вернымі сваёй «жданаўскай» школе. ■

Жанна БЯЛЬКО