Categories: Отдых

У браслаўскім музеі працуе выстава фотаздымкаў з унікальнага архіва шкляных негатываў

Выстава фотаздымкаў з унікальнага архіва шкляных негатываў пачатку ХХ стагоддзя пачала працаваць у браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Аўтарам фотаздымкаў з’яўляецца праваслаўны святар, беларус Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч (г. ж. 1875 — 1962).

У царкве святога Мікалая, якая знаходзіцца ў мястэчку Узмёны (Мёрскі раён Віцебскай вобласці) ён служыў 43 гады. На выставе прадстаўлены 82 фотаздымкі. Гэта летапіс яго сям’і, сяброў, суседзяў, фотаздымкі сялян за працай, мясцовыя краявіды. На выставе прадстаўлена падрабязная хроніка паўсядзённага жыцця на працягу пяцідзесяці гадоў. У чым унікальнасць архіва Паўла Валынцэвіча? Па-першае, гэта адна з самых вялікіх калекцый шкляных негатываў пачатку ХХ ст., якая вядома на тэрыторыі Беларусі. Па-другое, асаблівае стаўленне аўтара да выбару сюжэтаў: яны сканцэнтраваны не толькі на фіксацыі сваёй сям’і — гэта і здымкі падзей навокал. Узмёны да 1939 года ўваходзілі ў склад Браслаўскага павета Лявонпальскай гміны, і фатаграфіі цікавыя з гістарычнай кропкі гледжання і для браслаўчан.

На выставе ёсць два здымкі, зробленыя ў Браславе, — «Сёстры Васілеўскія» і «Сватаўство». Сын Паўла Валынцэвіча Сяргей ажаніўся са старэйшай дачкой браслаўскага праваслаўнага святара Васілеўскага, і, магчыма, пасля наведвання выставы знойдуцца новыя цікавыя старонкі і фотаздымкі з альбомаў браслаўчан. Некаторыя будуць цікавымі і для этнографаў. На фотаздымку «Будаўнікі» мы можам вывучаць адзенне, твар, знешні выгляд будаўнікоў і тое, з якім гонарам яны пазіруюць для фатографа. На фота «Вучні Узмёнскай царкоўна-прыходскай школы» бачна, як у пачатку стагоддзя мясцовыя дзеці былі апрануты ў халодны час. Заўважаем на галовах традыцыйныя магеркі з чорнай воўны, пра якія ўзгадваў яшчэ этнограф Нікіфароўскі, тканыя паясы і спосабы іх падвязвання. На фотаздымку «Атракаўніцы» бачым прычоскі і прыклад завязвання хустак на галовах у маладых дзяўчат. На фота «На жніве» знята дзяўчынка ў саламяных пацерках, якія пляліся сялянамі падчас уборкі ўраджаю.

Унікальнасць гэтай калекцыі яшчэ і ў тым, што святар не абмяжоўваўся толькі складаннем сямейных фотаальбомаў, але і захоўваў архіў шкляных негатываў, якія дакладна падпісваў па мясцовасці і часе фатаграфавання. Дзякуючы лёсу гэты збор захаваўся па сённяшні дзень, ён быў адкрыты ў 2009 годзе беларускімі калекцыянерамі Дзмітрыем Сярэбранікавым, Ігарам Сурмачэўскім і фатографам Уладзімірам Суцягіным. Шкляныя фотаздымкі былі імі адсканіраваныя, пераведзеныя ў лічбавы фармат і надрукаваныя на фотапаперы за ўласныя сродкі. З дапамогай Мінскага гістарычнага архіва, архіва Мінскай епархіі і іншых устаноў удакладняліся імёны аўтара і яго мадэляў, аднаўлялася паслядоўнасць падзей. Гэта яшчэ адна цэлая дэтэктыўная гісторыя, падчас якой было адкрыта імя аўтара і створана суцэльная фотаэкспазіцыя даўжынёй у палову стагоддзя.

Словам, фотаспадчына Паўла Валынцэвіча — гэта вялікі падарунак нам, сучаснаму пакаленню. ■

Элеанора ЗІНКЕВІЧ, загадчык МТК.

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.

admin

Recent Posts

Это отражение наших национальных ценностей. Почему важно знать и уважать государственные символы

Государственные символы - зеркало наших национальных ценностей, идентичности нашего народа и в Беларуси уровень уважения…

1 день ago

Опубликован план выезда врачей-специалистов Витебского медуниверситета на май. В Браславе будет работать отоларинголог

Продолжается консультативная помощь по медицинско-лечебному профилю преподавателя Витебского государственного медуниверситета для жителей Браславского района. Выезд…

1 день ago

Посмотрите, какие красивые (и вкусные!) куличи испекли к Пасхе в Видзовском колледже

В это воскресенье православные верующие будут отмечать Светлое Воскресение Христово - Пасху. Среди разнообразных праздничных…

1 день ago

Специалисты рассказали, как изменение климата влияет на безопасность труда

С 2003 года 28 апреля Международная организация труда ежегодно проводит Всемирный день охраны труда, акцентируя…

1 день ago

Белорусов предупреждают: штраф за букет сирени может достигать Br2000

В весеннюю пору года многие обращают внимание на запах сирени. Кажется, что этот чарующий аромат…

1 день ago

ИМНС анонсировала изменения в налогообложении самозанятых и ИП

Налоговая инспекция напоминает: ...О формировании чеков плательщиками налога на профдоход. Инспекция МНС по Полоцкому району…

1 день ago