Categories: Люди

Даярка і шматдзетная маці: «Прывыкла жыць у вёсцы і шмат працаваць, інакш ужо і не магу»

Аператар машыннага даення — праца складаная і адказная. А ў Ніны Каладынскай, аператара КУСП «Відзаўскі», яшчэ і небяспечная, бо займаецца яна раздоем першацёлак. Менавіта гэтая справа лічыцца самай няпростай у даярак.

Тое, наколькі такі занятак складаны, можна зразумець, нават толькі паспрабаваўшы падысці да жывёлы з апаратам і замацаваць яго на вымя. Справа ў тым, што маладыя каровы, якіх ніколі не даілі, баяцца ўстаноўкі, ім казытліва і нават балюча, таму яны абараняюцца. Кожная паказвае свой нораў: адны дрыгаюць нагамі, іншыя адпіхваюць аператара пысай. Самую хітрую і непадатлівую, напрыклад, Ніна Іванаўна назвала Неваляшкай, бо яна кладзецца на падлогу і не дае жанчыне замацаваць даільны апарат. Таму, каб прывучыць да абавязковай у іх жыцці працэдуры, трэба прыкласці нямала намаганняў. Н. Каладынская расказала, што, бывае, з работы і з сінякамі дамоў вяртаецца. Наогул, яна шукае да кожнай каровы падыход: з адной паразмаўляе, настроіць на патрэбны лад, да іншай у давер уваходзіць праз пяшчоту.

Каб падаіць дзясятак першацёлак, часу патрэбна намнога болей, чым на тры, а то і чатыры дзясяткі ўжо прывычных да гэтага кароў. І тут справа не толькі ў даверлівых адносінах аператара і жывёлы. Па-першае, як след трэба размасіраваць вымя — у гэтым выпадку карова паўней аддае малако. Па-другое, пільна сачыць за працэсам даення. А па-трэцяе, малако ад кожнай з іх узважваецца асобна, каб зразумець, якая з кароў больш прадуктыўная, а якая — наадварот. Справа ў тым, што, каб увесці ў дойны статак першацёлку, яе трэба абавязкова раздаіць. Ад таго, колькі малака яна дае, залежыць яе далейшы лёс. Зразумела, што карову з нізкай прадуктыўнасцю трымаць у гаспадарцы няма сэнсу, бо яна ўжо ніколі не стане высокапрадуктыўнай. Якая мяжа ў кожнай з іх, становіцца вядома ўжо пасля трох месяцаў першай лактацыі.

У сваёй працы Ніна Каладынская ўсё робіць па тэхналогіі: правільны раздой павышае прадуктыўнасць каровы на чвэрць, а то і болей. Сёння жанчына раздойвае 23 першацёлак, а ўсяго ў яе групе 73 галавы, пра якіх яна клапоціцца штодзень. У хуткім часе трэба будзе раздаіць і астатніх 50. Сярэднясутачны ўдой на адну галаву ў групе раздою цяпер — 13 кілаграмаў. Безумоўна, гэтая лічба не вельмі высокая, але ж значна большая, чым у сярэднім па гаспадарцы.

— Групу раздою Ніна набрала трэці раз, — расказвае загадчыца фермы Даната Ракіцкая. — Увогуле гэты аператар заўсёды працуе сумленна, яна не баіцца цяжкасцей, даручаную работу выконвае на выдатна. Калі прапанавалі ёй перайсці на больш складаны ўчастак, без сумненняў пагадзілася.

— Тут працы ў разы болей, але ж і заробак адрозніваецца ад даходу звычайнага аператара, — тлумачыць наша гераіня. — Стараюся ў першую чаргу дзеля дзяцей. Іх у мяне пяцёра. Хачу, каб яны жылі лепш. Зарплата невялікая, але ж круцімся неяк. Дома гаспадарку трымаю: карову, цялушку, свіней, курэй, качак. Прывыкла жыць у вёсцы і шмат працаваць, інакш ужо і не магу. Люблю жывёлу, ды і работу сваю люблю!

Калі вам здаецца, што гэтыя словы прыдуманыя журналістам дзеля напышчанасці, то гэта не так. Мая суразмоўніца на самай справе так лічыць.

Раскажу падрабязней. У размове Ніна Іванаўна абмовілася, што з мужам некалькі гадоў таму назад пабудавалі трохпакаёвую кватэру ў Браславе, цяпер там жыве старэйшая дачка. А ў ліпені мінулага года дом у Дрысвятах, дзе жылі ўсёй сям’ёй, згарэў. Здавалася б, вось яно, імгненне, калі можна ўсё змяніць: і месца жыхарства, і працу, і ўвогуле жыццё. Але ж не, наша гераіня не з тых, хто шукае лёгкія шляхі. Яна не змагла пакінуць мясціны, якія сталі роднымі, ды і з гаспадаркай развітацца не змагла. «Куды б я карову дзела? А цялушку? Яна ж мне як дзіцё роднае. Я іх пешчу», — з абурэннем кажа Н. Каладынская, а на вачах блішчаць слёзы.

Адразу пасля трагедыі дырэктар сельгаспрадпрыемства прапанаваў дом для шматдзетнай сям’і: хацеў дапамагчы людзям, а таксама баяўся ўпусціць працавітую работніцу. Такія аператары ў гаспадарцы, як кажуць, на вагу золата. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.

admin

Recent Posts

Это отражение наших национальных ценностей. Почему важно знать и уважать государственные символы

Государственные символы - зеркало наших национальных ценностей, идентичности нашего народа и в Беларуси уровень уважения…

2 дня ago

Опубликован план выезда врачей-специалистов Витебского медуниверситета на май. В Браславе будет работать отоларинголог

Продолжается консультативная помощь по медицинско-лечебному профилю преподавателя Витебского государственного медуниверситета для жителей Браславского района. Выезд…

2 дня ago

Посмотрите, какие красивые (и вкусные!) куличи испекли к Пасхе в Видзовском колледже

В это воскресенье православные верующие будут отмечать Светлое Воскресение Христово - Пасху. Среди разнообразных праздничных…

2 дня ago

Специалисты рассказали, как изменение климата влияет на безопасность труда

С 2003 года 28 апреля Международная организация труда ежегодно проводит Всемирный день охраны труда, акцентируя…

2 дня ago

Белорусов предупреждают: штраф за букет сирени может достигать Br2000

В весеннюю пору года многие обращают внимание на запах сирени. Кажется, что этот чарующий аромат…

2 дня ago

ИМНС анонсировала изменения в налогообложении самозанятых и ИП

Налоговая инспекция напоминает: ...О формировании чеков плательщиками налога на профдоход. Инспекция МНС по Полоцкому району…

2 дня ago