Значную жыццёвую мяжу пераступіў ветэран Вялікай Айчыннай вайны і ганаровы грамадзянін горада Браслава Іван Кожар: трэцяга студзеня яму споўнілася 95 гадоў.
У гэты шчаслівы святочны дзень у хату юбіляра завітала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Сардэчна вітаў госцю Іван Іванавіч, з вялікай удзячнасцю прымаў шчырыя словы віншавання, кветкі і падарунак ад раённых уладаў.
Пражытыя дзесяцігоддзі засталіся ў памяці ветэрана. Ён з задавальненнем дзяліўся ўспамінамі пра сваё доўгае жыццё. А расказаць сапраўды ёсць пра што. У ваеннае ліхалецце сямнаццацігадовым юнаком І. Кожар стаў на абарону сваёй Радзімы. Мужна змагаўся хлопец з нямецкімі захопнікамі ў партызанскім атрадзе. Спаўна давялося яму перажыць голад, холад, смерць таварышаў. Ды і сам не аднойчы цудам вырываўся з кашчавых рук смерці.
Пасля вайны шмат гадоў настаўнік фізічнай культуры Іван Кожар прысвяціў выхаванню і загартоўцы браслаўскіх школьнікаў.
Аднак, нягледзячы на багаж пражытых гадоў, вочы Івана Іванавіча і сёння свецяцца бадзёрасцю і радасцю жыцця, а добры настрой і энергічнасць не пакідаюць яго ні на хвіліну. ■
Алена ПЯТУШКА.
Фота аўтара.