ДАГАВОР ДРУЖБЫ
У Крамлёўскім палацы 5 снежня адбылося падпісанне Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан. Дагавор падпісалі Генеральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л. І. Брэжнеў і Генеральны сакратар ЦК НДПА, Старшыня рэвалюцыйнага савета і прэм’ер-міністр ДРА Н. М. Таракі.
ПЯСНЯР РОДНАЙ ПРЫРОДЫ
Больш за тыдзень экспанавалася ў гарадскім кінатэатры «Дружба» выстаўка карцін Паўла Іосіфавіча Туманоўскага, якога з поўным правам можна назваць песняром прыроды. Гэта ўжо восьмая яго выстаўка. Мастак даволі пладавіты: у яго арсенале многія дзясяткі карцін. І ўсюды, дзе б яны ні выстаўляліся, гледачы ўспрымалі іх як творы сапраўднага рэалістычнага мастацтва.
…РАБІЦЬ ЖЫЦЦЁ З КАГО
Сёлетні Усесаюзны агляд сачыненняў быў прысвечаны 60-годдзю Ленінскага камсамола і праходзіў пад дэвізам «Ты на подзвіг клічаш, камсамольскі білет!». На разгляд раённага журы паступіла 37 лепшых работ. Рабяты выказалі самыя цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці Радзіме, партыі і камсамолу, ветэранам вайны і працы. Лепшыя сачыненні Святланы Магалінскай, Тарэсы Бяляўскай і Валянціны Міцкевіч адпраўлены на адрас абласнога журы.
КАНЦЭРТ… ПА ТЭЛЕФОНЕ
Зручнасці ствараюцца для таго, каб імі карыстацца. Ды вось бяда: не заўсёды гэта ўдаецца. Напрыклад, у Пеліканах адзіны тэлефонны апарат устаноўлены ў школе. Карыстаюцца ім не толькі жыхары гэтай, але і суседніх вёсак. Аднак у апошні час тэлефон дзень-другі працуе, а месяц бяздзейнічае. Гудкоў няма, затое ў трубцы можна паслухаць канцэрт або паведамленні, што перадаюцца па радыё. Але навошта людзям такая радыётэлефонная інфармацыя?
У ЦЭНТРЫ ЎВАГІ — «ЦАЛІНА»
У абанементнай зале раённай бібліятэкі адкрылася выстаўка «Летапіс гераічнага подзвігу савецкага народа». На бачным месцы размешчаны твор нашага часу — «Цаліна» Л. І. Брэжнева, надрукаваны ў штотыднёвіку «Неделя», часопісе «Новый мир» і іншых выданнях. Чытачы з цікавасцю знаёмяцца з гераічным подзвігам савецкага чалавека на асваенні цалінных зямель.
НОВАЕ Ў ДАРОЖНАЙ АЗБУЦЫ
У сувязі з неабходнасцю далейшага павышэння бяспекі руху і яго ўпарадкавання з 1 студзеня 1979 года ўносяцца змяненні і дапаўненні ў існуючыя Правілы дарожнага руху. Так, забаронена садзіць дзяцей побач з сабой на пярэднім сядзенні, большае значэнне нададзена сродкам светлавой сігналізацыі, на аўтамабілях вадзіцеляў з пэўнымі фізічнымі недахопамі будуць устаноўлены апазнавальныя знакі. Трэба арганізаваць паўсямеснае вывучэнне новых Правіл.
І ЗНОЎ ПРА ЛЕБЕДЗЯЎ…
На старонках газеты неаднаразова ўзнімалася размова пра цудоўную птушку, якая занесена ў «Чырвоную кнігу СССР». Так, гэта лебедзь. Вось ужо некалькі гадоў ён гняздзіцца ў нашым раёне і выводзіць птушанят. Сёлетняя цёплая восень парушыла векавы інстынкт птушак. Некалькі лебедзяў засталіся зімаваць на возеры Дрывяты, адна пара — на Відзаўскім. Хто ведае, што з імі здарыцца, калі не дапаможа чалавек.
НОВЫ МАГАЗІН
Вялікія змены адбыліся ў Браславе ў апошнія гады. Днямі гасцінна расчыніў свае дзверы новы харчовы магазін па вуліцы Юбілейнай. Мясцовыя жыхары могуць тут набыць неабходныя тавары паўсядзённага попыту. Магазін узведзены ўсяго за шэсць месяцаў. У такі тэрмін уклалася будаўнічая брыгада раённага спажывецкага саюза.
НАВАГОДНІ «БЛАКІТНЫ АГЕНЬЧЫК»
Традыцыйная навагодняя перадача «Блакітны агеньчык» рыхтуецца Цэнтральным тэлебачаннем СССР. У канцэрце прымуць удзел вядомыя савецкія, а таксама зарубежныя артысты, музычныя калектывы з самых розных гарадоў нашай неабсяжнай Радзімы. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.