У Браславе амаль 200 вернікаў прынялі ўдзел у хрысціянскім балі

Главное Отдых
Не першы год каталіцкія вернікі напярэдадні каляднага паста збіраюцца на хрысціянскі баль. Вось і сёлета святочная вечарына сабрала каля 200 чалавек розных узростаў і пакаленняў.

Як расказаў ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі, традыцыя праводзіць перад пастом вясёлыя святы існуе даўно. Нашы продкі, дарэчы, як і сучаснікі, ладзілі забавы і гульні, каб потым духоўна падрыхтавацца да святкавання Раства Хрыстова, у спакоі падумаць пра Бога і сваю душу.

Гэтае мерапрыемства, адзначае ксёндз Уладзімір, дае магчымасць сабрацца вернікам не толькі ў касцёле падчас малітвы, але цікава і весела, як адзіная дружная сям’я, правесці свой вольны час.

Шматлікіх гасцей радавалі сваімі выступленнямі не толькі браслаўскія музыкі і касцёльная моладзь: былі запрошаны і ўдзельнікі сталічнай шоу-групы «Лабараторыя Х», якія паказалі незвычайнае прадстаўленне. Акрамя танцаў і спеваў, арганізатары прапанавалі прысутным разнастайныя конкурсы і гульні.

З вялікім задавальненнем каталіцкія вернікі правялі цудоўны вечар і толькі а чацвёртай гадзіне раніцы з добрым, вясёлым настроем разышліся па дамах. ■

Алена ПЯТУШКА.