Душэўна, сардэчна і разам з тым урачыста-журботна прайшоў напярэдадні Дня Перамогі канцэрт у СШ № 1.
У актавай зале навучэнцы школы пад шчырыя апладысменты віталі ветэрана вайны Віталя Цітовіча, былых малалетніх вязняў Алену Угарэнка і Паўла Кудраўцава, воінаў-інтэрнацыяналістаў Леаніда Мікшту і Яўгена Падагеля.
Кожнае слова вядучых і творчыя нумары школьнікаў былі прасякнуты вялікай павагай і ўдзячнасцю да пераможцаў. Падчас музычных кампазіцый юныя артысты ахуталі гледачоў атмасферай тых далёкіх і складаных для нашай краіны часоў, чым закранулі сэрцы і выклікалі на вачах слёзы ў прысутных.
Пра цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на іх дзіцячыя гады, расказалі школьнікам А. Угарэнка і П. Кудраўцаў.
Шчырую падзяку за мірнае неба над нашай галавой паважаным гасцям выказала дырэктар школы Тамара Стома, таксама яна павіншавала ветэранаў з надыходзячым святам, уручыла ім падарункі і пажадала як мага больш часу заставацца ў страі.
Пры першых гуках метранома ўся зала ўстала, каб ушанаваць памяць загінулых хвілінай маўчання.
У гэты дзень піянерская арганізацыя школы папоўнілася яшчэ 44 юнымі членамі. Гальштукі — часцінку беларускага сцяга — ім павязалі воіны-інтэрнацыяналісты, ганаровы піянер дружыны Тамара Стома і пераможцы розных конкурсаў. Цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў шчаслівага дзяцінства ў адрас новых піянераў прагучалі ад былых афганцаў.
Урачыстай і пераможнай кропкай у канцы канцэрта прагучала песня «Дзень Перамогі» ў выкананні вакальнай групы школы.
■ Алена ПЯТУШКА.
Фота аўтара