ЧАС НАВОДЗІЦЬ ПАРАДАК
Праведзены супрацоўнікамі ДАІ рэйд выявіў шмат негатыўных з’яў у горадзе. З надыходам змроку на вуліцах касякамі шнуруюць нецвярозыя грамадзяне, а вадзіцелі грузавых аўтамабіляў і трактарысты, не зважаючы на дарожныя знакі, пхнуцца, куды каму ўздумаецца. З парушальнікамі транспартнай і грамадскай дысцыпліны трэба весці самую сур’ёзную барацьбу.
ЗНІЖАНЫ ПЛАЦЯЖЫ
Адміністрацыя Браслаўскай інспекцыі Белдзяржстраха паведамляе насельніцтву, што з 1 лютага 1993 года значна зніжаны плацяжы па страхаванні будынкаў, хатняй маёмасці і жывёлы. Карыстайцеся паслугамі Дзяржстраха, дзе самыя нізкія стаўкі страхавых плацяжоў.
ПАДСОБНЫ ПРОМЫСЕЛ
Гадоў пяць таму назад задумалі ў калгасе «Слава» заняцца вырабам поліэтыленавай плёнкі. Попыт на яе і цана раслі на вачах. Простая тэхналогія вытворчасці, нескладанае абсталяванне, даступная сыравіна — усё спрыяла арганізацыі новага промыслу. Разлікі кіраўнікоў калгаса спраўдзіліся: рэаліза- цыя каля 40 тон плёнкі прынесла калгасу 3 млн руб. прыбытку.
ЗАЎВАГА РЭДАКЦЫІ
Дыскусія на старонках газеты пра стварэнне ў нашым раёне нацыянальнага парка дасягнула такога напалу, што рэдакцыя з цяжкасцю ўтрымлівае апанентаў ад абраз. Таму лічым патрэбным спыніць абмеркаванне. Вырашацца пытанне будзе на чарговай сесіі райсавета.
ЦІ ЛЁГКА ДОМ ПАБУДАВАЦЬ
Браслаў перажывае сёння сапраўдны будаўнічы «бум»: індывідуальнае будаўніцтва жылля стала масавай з’явай. Але ёсць і шэраг праблем. Акрамя таго, што свабодных участкаў, прыдатных пад забудову, у межах горада прак- тычна няма, паўстае яшчэ пытанне фінансаў. Інфляцыя апераджае ўсе прагнозы, а таму цэны на будаўнічыя матэрыялы, якіх і так не хапае, увесь час растуць.
СУСТРЭЧА З АСІЛКАМ
У апошнія гады з Браслаўшчынай пасябраваў кінаакцёр і каскадзёр Генадзь Чацверыкоў. «Піраты ХХ стагоддзя», «Расія маладая», «Злодзеі ў законе», «Апошняя ноч Шахеразады» — вось толькі некаторыя назвы з тых 70-ці фільмаў, у якіх яму давялося здымацца і выконваць небяспечныя трукі. Сустрэча з акцёрам абяцае быць вельмі цікавай і дарослым, і дзецям.
ПАДВОДЗІЦЬ РАЙСПАЖЫЎСАЮЗ
Працаўнікам гароднінасушыльнага завода крыўдна, што прадукцыю, якую яны вырабляюць для сваіх людзей, у раёне не знайсці. Па невядомай завадчанам прычыне райспажыўсаюз не спяшаецца гандляваць іх прадукцыяй: у мясцовых магазінах няма і трэцяй часткі ўзораў кансерваў, што выпускае наша прадпрыемства.
ДАПАМАГАЮЦЬ КАЛГАСУ
Цяжкае становішча склалася ў калгасе «Далёкія» з забеспячэннем грамадскага статка кармамі, якіх катастрафічна не хапае. Але знайшліся калгаснікі, што зразумелі складаную сітуацыю і адгукнуліся на прапанову кіраўніцтва гаспадаркі: на зімовы перыяд яны ўзялі на гадоўлю па цялушцы са статка ўзнаўлення, а вясной атрымаюць разлік за кожны кілаграм прывагі.
І ДЭФІЦЫТ НЕ ПЕРАШКОДА
У магазіне вёскі Мурмішкі адразу кідаецца ў вочы даволі багаты па нашым часе асартымент тавараў на паліцах. І сярод іх шмат такіх, на якія не патрэбны талоны. А ўсё таму, што мясцовы прадавец Альфонс Калкоўскі не любіць сядзець і чакаць, пакуль нешта выдзеляць. Ён рэгулярна ездзіць на базу, не саромеецца патурбаваць кіраўніцтва — глядзіш, кожны раз нешта і прывязе.
■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.