Больш за паўстагоддзе мацавалася сумеснае жыццё Рэгіны і Юльяна Каладынскіх з Мяжанаў.
Пяцьдзясят восем гадоў шлюбу для жонкі і мужа пранесліся адным імгненнем. Шмат чаго давялося перажыць, але яны не страцілі добрых адносін і павагі адзін да аднаго. Стварыць сям’ю лягчэй, чым яе захаваць, сцвярджаюць суразмоўцы.
Пазнаёміліся маладыя ў Мяжанскім клубе на танцах. Вельмі спадабаліся адзін аднаму, а праз некаторы час згулялі сціплае вяселле. Вось так пачаўся летапіс сумеснага жыцця гэтай пары.
Пасялілася сям’я разам з бацькамі Рэгіны. Юльян працаваў вадзіцелем, а жанчына — кладаўшчыком у мясцовым калгасе. Акрамя асноўнай работы, трэба было даглядаць і сваю немалую гаспадарку, таму іншым часам уставаць даводзілася яшчэ прыцемкамі.
Неўзабаве сям’я павялічылася: нарадзілася дачушка Аліцыя, а ў хуткім часе з’явіліся на свет Ганна і Валерыян. Дзеці ў адказ на бацькоўскі клопат і любоў выраслі працавітымі і сумленнымі. Усе атрымалі адукацыю, уладкаваліся на працу, стварылі свае сем’і. А шчырыя пяшчотныя ўзаемаадносіны бацькоў сталі для іх сапраўдным прыкладам. Старэйшая дачка жыве побач і штодзень наведваецца да бацькоў. Не забываюць родную хату і двое другіх дзяцей, якія жывуць у Латвіі.
Безумоўна, за гэты значны час перажыта нямала: сустрэчы і развітанні, крыўды і прымірэнні. Былі на жыццёвым шляху і ўзлёты, і падзенні, і радасці, і цяжкасці.
— Лёс не надта песціў, — кажа Рэгіна Антонаўна, — але з радасцю і ўдзячнасцю Богу ўзгадваю кожны пражыты дзень.
Калі спытала ў Каладынскіх, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця, жанчына адказала: «Ніякага сакрэту няма. Галоўнае — не сварыцца і падтрымліваць адзін аднаго, рабіць усё разам».
Паважаюць гэтых людзей суседзі, сябры, знаёмыя. А пра родных і казаць няма чаго! Хто лепш дзядулі з бабуляй заўсёды агарне ўнукаў і праўнукаў сваёй цеплынёй, пяшчотай, навучыць іх жыццёвай мудрасці.
Патрэбна сапраўды рэдкае ўзаемаразуменне, каб пражыць у згодзе больш за паўсотні гадоў! За гэты час і тэхніка пайшла далёка наперад, і мода змянялася дзясяткі разоў, нават людзі сталі іншымі, але Рэгіна Антонаўна і Юльян Юльянавіч як кахалі адзін аднаго, так і кахаюць.
Ці не прыклад гэта для ўсіх нас?
■ Алена ПЯТУШКА.
Фота аўтара.