Новы вучэбны год пачаўся і для выхаванцаў Браслаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Сёлета тут пажадалі займацца спортам больш за 180 хлопчыкаў і дзяўчынак, але набор яшчэ працягваецца.

Як расказалі ў ДЮСШ, дзеці займаюцца лёгкай атлетыкай і боксам. Ужо сфарміравана 17 рознаўзроставых груп. Дарэчы, бокс выклікаў у браслаўчан вялікую цікавасць, многія бацькі пажадалі запісаць сваіх дзяцей займацца гэтым відам спорту.
Падчас навучання дзеці выязджаюць на спаборніцтвы, спрабуюць свае сілы на абласных турнірах, а на канікулах маюць магчымасць наведваць спартыўны лагер. У ім, акрамя трэніровак, праводзяцца конкурсы, віктарыны і разнапланавыя мерапрыемствы.
Заняткі ў ДЮСШ адбываюцца ў зручны для выхаванцаў час. А трэніруюць іх спецыялісты, якія маюць багаты трэнерскі вопыт і з душой падыходзяць да сваёй справы. Нездарма многія выхаванцы працягваюць навучанне ў школах алімпійскага рэзерву ў Віцебску і Наваполацку.
■ Алена НАБЕЕВА.
Фота аўтара.