Дзе ў Браславе можна смачна паесці на свежым паветры

Калейдоскоп Новости

Наплыў турыстаў і адпачываючых у наш горад літаральна абавязвае, каб на яго ўтульных вуліцах з’яўляліся летнія кафэ і тэрасы, дзе можна не толькі з’есці хот-дог ці бутэрброд, але і смачна паабедаць ці павячэраць на свежым паветры, любуючыся цудоўнай прыродай. Які адпачынак такога кшталту можна знайсці ў Браславе, высвятляла «Браслаўская звязда».

NjgGI5hEq1I

Першым аб’ектам, куды наведалася карэспандэнт, стала пляцоўка пры рэстаране «Азёрны». Прыемная маладая буфетчыца ветліва пералічыла даволі шырокі асартымент гэтай харчовай кропкі. Тут прапануюць свежую выпечку, салаты і бутэрброды вытворчасці нашага райпа, саладосці, розныя напіткі, у тым ліку алкагольныя, марожанае. Да таго ж можна і самім пасмажыць шашлыкі на мангале, які ўстаноўлены непадалёку.

Столікі стаяць пад навесам, які схавае ад невялікага дажджу, але ад ветру і пылу ён не ўратуе.

Пакуль дарослыя перакусваюць, дзеці з задавальненнем катаюцца па пляцоўцы на электрамабілі. Вось толькі бацькам у гэты час губляць пільнасць ніяк нельга, бо месца таксама прызначана і для стаянкі аўтамашын.

Парознаму можна разглядаць блізкае суседства летняй тэрасы з праезнай часткай. З аднога боку — гул і выхлапныя газы, з другога — перакусіць можна літаральна па дарозе.

Па словах буфетчыцы Эміры Пабяржынай, гэтая харчовая кропка карыстаецца неблагой папулярнасцю, асабліва ў выхадны дзень.

Аднатыпнае міні-кафэ «Хутка. Смачна» знаходзіцца каля магазіна «Родны кут» Пастаўскага райпа па вул. Садовай. У гэтай кропцы хуткага харчавання таксама прапануюць нямала смачных вырабаў і напіткаў, таму прахожыя з задавальненнем сюды заглядваюць.

Калі вы жадаеце любавацца браслаўскімі краявідамі больш камфортна, наведайце адкрытую тэрасу ў кафэ «Сузор’е». Зусім нядаўна на ёй устаноўлены навес, які ўратуе ад дажджу, прыгожая мэбля і зона-грыль. Праўда, пры моцным ветры сядзець тут нязручна. Ветлівыя афіцыянткі адразу прапануюць меню ў прыгожай вокладцы, дапамогуць з выбарам. Разнастайны асартымент страў, халодных закусак, напіткаў, прысмакаў і іх прымальныя цэны, несумненна, парадуюць наведвальнікаў. Заказ прынясуць хутка, афармленне і смак стравы таксама не расчаруюць. Вечарам на тэрасе запальваюцца агеньчыкі, што надае атмасферы рамантычны настрой.

2

Паклапацілася Браслаўскае райпа і пра адпачываючых на гарадскім пляжы. У міні-кафэ «Ветразь» асартымент не адрозніваец- ца ад пляцоўкі пры рэстаране, няма толькі піва і алкагольных напіткаў. Праўда, калі дзьме моцны вецер, даводзіцца трымаць талерку і закрывацца ад пяску. Але затое не трэба турбавацца пра «ссабойку»і пры гэтым хвалявацца за яе якасць.

Другі летні сезон працуе кафэ «Пляж», якое падзелена на дзве зоны. У першай столікі і барная стойка знаходзяцца пад дахам, тут жа прадугледжаны жалюзі з боку возера, якія ўратуюць ад ветру і дажджу. У прахалодны вечар афіцыянт ухутае вас у мяккі плед. А вось у цёплы безветраны дзень лепш пасядзець за столікам на адкрытай тэрасе пад парасонам.

Парадавала багатае і разнастайнае меню, у якім ёсць стравы нацыянальнай кухні. Ежу гатуюць хутка і смачна. Ды і цэны даволі дэмакратычныя.

Пашыраюцца і забаўляльныя паслугі. Так, на летняй сцэне па суседстве дэманструюцца фільмы на шырокім экране, а побач — у фармаце 5D. Кожныя выхадныя праходзяць танцавальна-музычныя вечары з жывой музыкай калектываў Беларусі. У хуткім часе плануецца ўстанавіць караоке.

Летняе кафэ працуе і на тэрыторыі атэля Braslav Lakes. А непадалё- ку на пірсе воз. Навяты ўстаноўлена некалькі шатроў са столікамі і мяккімі канапамі. Безумоўна, вельмі прыемна, слухаючы шапаценне хваль возера, паабедаць ці павячэраць у такім рамантычным месцы. Але за дастаўку заказу сюды вам прыйдзецца даплаціць.

У меню атэля ўваходзяць як еўрапейскія, так і беларускія стравы. У іх рэцэптуры замест прывычнага маянэзу выкарыстоўваюць свае фірменныя соусы. Вялікі выбар розных напіткаў.

Паколькі атэль разлічаны больш на замежных гасцей, то і цэны вышэйшыя, чым у іншых мясцовых летніх аб’ектах харчавання.

Адным словам, у нашым горадзе ёсць прыемныя месцы, дзе можна хутка і якасна перакусіць і нават паўнавартасна паабедаць. Таксама ёсць дзе прыемна павячэраць на свежым паветры. Галоўнае, каб капрызнае надвор’е не перашкаджала адпачынку.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.