Сёлета на Браслаўшчыне адпачыць і аздаравіцца змогуць 1 100 хлопчыкаў і дзяўчынак

Новости Отдых

1Пачаліся вясёлыя летнія канікулы, і ў дзяцей з’явілася магчымасць адпачыць ад напружанай школьнай працы. Але ў той жа час вельмі важна, каб яны не былі пакінуты сам-насам, а знаходзіліся пад наглядам дарослых і займаліся цікавымі карыснымі справамі. У гэтым дапамогуць школьныя лагеры, якія гасцінна адчынілі дзверы перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Кацярына Сайкоўская, сёлета на Браслаўшчыне адпачыць і аздаравіцца змогуць 1 100 хлопчыкаў і дзяўчынак, з іх у лагерах з дзённым знаходжаннем плануецца прыняць 490 школьнікаў, у палатачных кругласутачных — 480, у лагерах працы і адпачынку — 130.

Амаль ва ўсіх установах адукацыі раёна будуць дзейнічаць лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей. Пры арганізацыі трохразовага харчавання і дзённага сну для вучняў пачатковых класаў школьнікі ў іх змогуць бавіць свой вольны час прыкладна да 16 гадзін.

Тых, каго вабіць турысцкая рамантыка, запросяць палатачныя кругласутачныя 9-дзённыя лагеры. Юныя падарожнікі змогуць не толькі начаваць у палатках, гатаваць ежу на вогнішчы і спяваць песні, але і пабачыць цікавыя мясціны роднай Браслаўшчыны. Значнай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаюцца і профільныя лагеры. Ужо стала добрай традыцыяй, што ў арганізацыі летняга адпачынку дзяцей актыўны ўдзел прымаюць сілавыя структуры раёна. Не стаў выключэннем і гэты год.

Вядома, што далучэнне дзяцей да працы — самы эфектыўны метад іх выхавання. А ў лагерах працы і адпачынку школьнікі змогуць не толькі цікава бавіць свой час, але і зарабіць грошы на ўласныя патрэбы.

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі, адзначае К. Сайкоўская, ва ўсіх школьных лагерах пройдзе рэспубліканская акцыя «Лета — час адкрыццяў», прымеркаваная да Года навукі. Падчас яе правядзення будуць выкарыстоўвацца розныя формы навукова-даследчай дзейнасці дапытлівых выхаванцаў.

Між тым ва ўсіх летніках галоўным з’яўляецца захаванне і ўмацаванне здароўя школьнікаў. Знаходжанне ў лагерах дазваляе ім не толькі аздаравіцца, але і прыняць удзел у выхаваўчых мерапрыемствах. А бацькі, пакуль знаходзяцца на рабоце, могуць не хвалявацца за дзяцей, якія ў гэты час пад кантролем вопытных педагогаў. Экскурсіі, паездкі па памятных мясцінах, спартыўныя секцыі, гурткі па інтарэсах — усё гэта будзе прапанавана хлопчыкам і дзяўчынкам на перыяд школьных канікулаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара