
Трыццаць гадоў працоўнага стажу Святланы Усавай, спецыяліста па продажы Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК, звязана з перапрацоўкай сыравіны на мясцовым малаказаводзе. Тэхнолаг па спецыяльнасці, яна дасканала ведае працэс вытворчасці малочнай прадукцыі не толькі па кніжках — жанчына працавала лабарантам, прыёмшчыкам малака і старшым майстрам.
На цяперашняй пасадзе, на якую Святлана назначана з 2011 года, яна займаецца, вобразна кажучы, прасоўваннем сырнай прадукцыі завода на рынак. Таму пастаянна вывучае яго кан’юнктуру, выяўляе патэнцыяльных пакупнікоў, наладжвае з імі кантакты, падтрымлівае дзелавыя адносіны з пастаяннымі кліентамі, арганізуе ўдзел прадпрыемства ў прэзентацыях і дэгустацыях прадукцыі, выставах і кірмашах, збірае інфармацыю ад пакупнікоў пра запыты да якасных і смакавых характарыстык заводскіх сыроў і г. д.
Зразумела, што выконваць такія абавязкі здольны далёка не кожны спецыяліст нават з вышэйшай прафесійнай адукацыяй. Наўрад ці магчыма наладжваць цесныя партнёрскія адносіны і без прыроджаных якасцей, такіх як адкрытасць натуры, камунікабельнасць, ініцыятыўнасць, працаздольнасць і арганізаванасць. Святлану Усаву прырода шчодра адарыла гэтымі рысамі характару, якія дапамагаюць ёй быць паспяховай як у прафесійнай справе,
Шмат гадоў калектыў давярае Святлане ўзначальваць прафсаюзны цэхавы камітэт, а сёлета яна назначана яшчэ і адказнай за арганізацыю ідэалагічнай работы на прадпрыемстве.
Дарэчы, падчас размовы С. Усава заўважыла, што ў цэхавы прафсаюз людзі ўступаюць ахвотна, у яго радах 132 члены — усе працаўнікі філіяла, таму ён здольны аказваць рэальную матэрыяльную падтрымку, у тым ліку і падчас віншавання юбіляраў, маладажонаў ці тых, у каго нарадзілася дзіця. Да таго ж на заводзе створаны і пярвічкі БРСМ, “Белай Русі”. Іх дзейнасць цяпер таксама каардынуе Святлана: сумесна абмяркоўваюць грамадскія справы калектыву, рыхтуюцца да ўдзелу ў раённых мерапрыемствах, афармляюць інфармацыйныя стэнды і фотагалерэю.
Нягледзячы на бесперапыннасць вытворчага працэсу (завод працуе кругласутачна), і грамадскае жыццё працоўнага калектыву, можна сказаць, не заціхае ні на хвіліну. Пра гэта можна сцвярджаць, пагартаўшы толькі стос дыпломаў і грамат, якімі ўзнагароджаны сыравары як пераможцы і прызёры культурна-масавых і спартыўных раённых мерапрыемстваў.
Актывістаў матэрыяльна заахвочвае прафсаюз, прэміруе галаўное прадпрыемства, падтрымліваюць як актыўныя балельшчыкі калегі.
І на самім заводзе адзначаюць дзяржаўныя святы, ва ўрачыстай абстаноўцы віншуюць працаўнікоў са значнымі ў іх жыцці падзеямі. У арганізацыі такіх святочных мерапрыемстваў С. Усавай дапамагаюць свае актывісты грамадскіх аб’яднанняў і самадзейныя артысты з Глыбоцкага МКК, Раённага цэнтра культуры, падшэфнай школы, з якімі наладжаны цесныя ўзаемаадносіны. Цяпер, напрыклад, ідзе падрыхтоўка да навагодняга ранішніка, падчас якога ўсе дзеці супрацоўнікаў да 18 гадоў атрымаюць багатыя падарункавыя наборы і сувеніры ад Дзеда Мароза.
Правядзенне дзён інфармавання, арганізацыя падпіскі на перыядычныя выданні, сувязь з ветэранамі вытворчасці таксама ў полі зроку ідэолага прадпрыемства, складана нават акрэсліць поўнае кола яго грамадскай дзейнасці.
— Грамадская работа, безумоўна, адымае шмат часу і сіл, — кажа Святлана, — але яна вельмі цікавая, асабліва калі на твае ініцыятывы ахвотна адгукаюцца, а таксама адчуваеш падтрымку кіраўніцтва.
Здольнасці Святланы Усавай як выдатнага спецыяліста па продажы і як творчага арганізатара калектыўных спраў работнікаў браслаўскага філіяла сапраўды не засталіся не заўважанымі адміністрацыяй Глыбоцкага МКК: сёлета ў лістападзе яна занесена на Дошку гонару галаўнога прадпрыемства.
■ Казімір ПЯТУШКА.