Яе прафесія — дапамагаць людзям

Люди

IMG_7955На старонках газеты не раз прыходзілася аддаваць даніну павагі старанным людзям, выбраўшым сваёй прафесіяй сацыяльную работу. Аднак не такім маладым, як Аляксандра Выжыкоўская, якой крыху больш за 30 гадоў.

Дарэчы, на такой адказнай і цяжкай пасадзе Аляксандра працуе ўжо 13 гадоў і паспела заваяваць павагу і аўтарытэт сярод больш сталых калег і сваіх падапечных.

Пытаюся, як яна, маладая, адважылася працаваць з людзьмі часта хворымі і нямоглымі, якім патрэбна шмат увагі.

— Ляжыць душа, — проста адказвае Аляксандра. — Цяжка, аднак стараюся ўлічваць, што ўсе людзі з рознымі лёсамі, характарамі. Ну і, безумоўна, трэба навучыцца цярпець і дараваць крыўды, тады і самыя цяжкія хвіліны перажываюцца лёгка. А ад работы атрымліваю задавальненне”. І, зазіраючы ёй у вялікія добрыя вочы, нельга не паверыць, што гэта праўда.

Можа, Аляксандра і не стала б сацыяльным работнікам, аднак так здарылася, што прыйшлося адмовіцца ад вучобы ва ўніверсітэце і пачаць працаваць. Напачатку, калі ўладкоўвалася на работу, добра і не ўяўляла сабе будучыя абавязкі. Нейкі час было асабліва нялёгка, але потым, як кажуць, уцягнулася. Не крывячы душой, дзяўчына прызнаецца: не раз хацелася ўсё кінуць і знайсці больш спакойнае месца, але жаданне дапамагаць, прыносіць карысць людзям заўсёды перамагала.

Цяпер Аляксандра Валер’еўна абслугоўвае 10 падапечных, якія жывуць у прыватным сектары горада. Усе яны людзі хворыя і адзінокія, якім патрэбна падтрымка не толькі фізічная, а больш нават маральная. Пагаварыць, выслухаць — такая дапамога стаіць нараўне з паходам у магазін, аптэку, аплатай камунальных паслуг, прыбіраннем кватэры. Прыходзіцца мераць ціск, а нярэдка — рабіць уколы. Аляксандра ніколі не лічыцца з часам: колькі патрэбна, столькі і завіхаецца каля сваіх падапечных. Ладзіць жа з імі жанчына ўмее. Не ўсе пенсіянеры, калі ўпершыню бачаць маладую сацработніцу, адразу згаджаюцца яе прымаць, маўляў, “зялёная”, за што яна бярэцца. Такую думку хутка мяняюць, упэўніўшыся, што Аляксандра не цураецца ніякай работы, ды і субяседнік яна начытаны, разумны. Таму і расказваюць дачцэ, унучцы — менавіта так бабулі і дзядулі часцей за ўсё называюць свайго сацработніка — самае запаветнае. Бывае цяжка слухаць жыццёвыя гісторыі, якія мяжуюць з трагедыяй. Аднак з іншага боку, гэта і вялізны вопыт. Глядзіш — і не паўторыш чужых памылак.

Да сваіх падапечных Аляксандра Выжыкоўская вельмі прывыкла і перажывае за іх. Аднак і пенсіянеры хвалююцца за яе. Смуткуюць, калі яна збіраецца ў адпачынак, не жадаюць мяняць на іншага работніка. Затрымалася — адразу тэлефануюць, каб спытаць, што здарылася. А яна аптымістка па жыцці. У любой сітуацыі знаходзіць станоўчае. Трымаецца думкі: заўсёды ёсць выйсце, толькі не адразу яно бачнае.

Падчас гутаркі з лепшай па прафесіі ў намінацыі “Занятасць сацыяльная абарона” стала відавочным: ёй сапраўды даспадобы такая праца. І пакуль Аляксандра не збіраецца яе мяняць.

Вера Буланава.

Фота аўтара.  

Аляксандра робіць пакупкі для сваіх падапечных.