Сёлетняя цёплая восень не зусім схіляе задумацца пра набліжэнне ўсімі любімых навагодніх святаў. Тым не менш толькі крыху больш за месяц адзяляе нас ад наступлення новага года. Цяжка ў гэта паверыць? Тады вам абавязкова трэба наведацца ў ЦДіМ.
На мінулым тыдні тут гасцінна прыняла сваіх першых гасцей матухна Зіма і запрасіла іх у чароўную Зімовую казку. Як жа засвяціліся вочы пачаткоўцаў СШ №2, калі яны пераступілі парог яе ўладанняў. А здзівіцца, сапраўды, ёсць чаму, бо, як заўсёды, крэатыўныя супрацоўнікі ўстановы падышлі да ўпрыгожання пакояў Зімы з творчым натхненнем.
Спачатку гаспадыня прадэманстравала сваім маленькім гасцям разнастайныя арыгінальныя навагоднія вырабы, створаныя таленавітымі школьнікамі і педагогамі раёна. Безумоўна, больш за ўсё на кірмашы Мар’і-ўмеліцы (менавіта так называецца традыцыйная выстава навагодніх вырабаў) прадстаўлена навагодніх ёлак. Але з чаго толькі яны не выраблены: з паперы, галінак, тканіны, ватных дыскаў, дрэва, нават з пластыкавых кантэйнераў з-пад яек. Як і падабае, у зімовай казцы ёсць і незвычайны снегавік з аднаразовага посуду, заварожваюць сваёй студзёнай прыгажосцю снягуркі, выкананыя ў тэхніцы мастацкага тэкстылю, лунаюць добрыя анёлы і карункавыя сняжынкі.
Усе вырабы, нібы маленькія калядныя зорачкі на небе, уздымаюць настрой і здзіўляюць сваёй арыгінальнасцю.
Затым прыветлівая матухна Зіма прапанавала школьнікам вясёлыя гульні і цікавыя загадкі. З вялікім задавальненнем лавілі школьнікі ўдачу, каб яна суправаджала іх увесь наступны год, загадвалі свае патаемныя жаданні пад чароўнай лямпай.
Радасныя і шчаслівыя пакідалі дзеці Зімовую казку, уносячы з сабою веру ў чараўніцтва.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.