Надзвычайная сітуацыя… Яна заўсёды ўзнікае раптам і нечакана. І вельмі важна ў такіх выпадках не разгубіцца, не паддацца паніцы. Таму незалежна ад прафесіі і пасады кожны з нас павінен быць гатовым да любых нечаканасцей. Кіруючыся гэтым пастулатам, на базе Браслаўскага цэнтра банкаўскіх паслуг №205 філіяла 3214 ААТ “ААБ Беларусбанк” г. Наваполацка штогод плануюць і праводзяць вучэнні па грамадзянскай абароне.
Вось і на мінулым тыдні, згодна са сцэнарыем, сюды паступіў сігнал аб пагрозе ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі прыроднага характару. А ў адпаведнасці з наступнай уводнай у памяшканні для прыёму ежы ўзнік пажар, і была пацярпелая.
Па трывозе былі падняты раёныя службы МНС, РАУС, дэпартамента аховы і медыкі, якія прыбылі на месца здарэння літаральна праз некалькі хвілін.
У самым будыку ў гэты час пажарнае звяно пад камандаваннем Вадзіма Грыба і санітарнае на чале з Алёнай Бялюн тэрмінова пачалі эвакуацыю персанала і пацярпелай. Безумоўна, усе ведалі, што гэта вучэнні, але дзейнічалі зладжана і хутка, як і належыць у такіх выпадках. Таму супрацоўнікі банка паспяхова пакінулі будынак, а санітары вынеслі на насілках “пацярпелую”.
Аператыўна і прафесійна дзейнічалі прыбыўшыя службы: выратавальнікі ўстанавілі і ліквідавалі ўмоўны ачаг узгарання, супрацоўнікі ДАІ ачапілі бяспечную тэрыторыю, а дэпартамента аховы ўзялі пад кантроль маёмасць банка, медыкі аказалі “пацярпелай” медыцынскую дапамогу.
Пасля завяршэння вучэння супрацоўнікі банка разам з начальнікам штаба ГА Сяргеем Давыдавым адпрацавалі навыкі тушэння пажару пры дапамозе вогнетушыцеля.
Пры падвядзенні вынікаў вучэння галоўны спецыяліст аддзела ГА і мабілізацыйнай работы ЦА ААТ “Беларусбанк” Ігар Хазаноўскі адзначыў, што задача такіх мерапрыемстваў — паказаць на практыцы, як трэба паводзіць сябе ў выніку ўзнікнення пажару. Менавіта прадухіленне панікі, грунтоўныя веды і правільныя паводзіны ў экстрэмальнай сітуацыі з’яўляюцца залогам выратавання жыцця чалавека, падкрэсліў ён.
І трэба адзначыць, што браслаўчане ў гэтым сэнсе справіліся з пастаўленымі задачамі на выдатна.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.