У мінулую нядзелю, 15 жніўня, жыхары Ахрэмаўцаў сабраліся ў парку Бяльмонты, каб па традыцыі адзначыць свята аграгарадка.
З самага ранку ў парку кіпела работа: упрыгожвалі сцэнічную пляцоўку, ўстанаўлівалі атракцыёны, падключалі музычную апаратуру і інш. І вось у назначаны час да сваіх аднавяскоўцаў выйшлі работнікі мясцовага цэнтра нацыянальнай культуры. Яны імкнуцца кожны год унесці разынку ў забаўляльную праграму, але пры гэтым не парушаць закладзеных традыцый. Так адбылося і на гэты раз. Напачатку вядучыя ўзгадалі старажылаў і нованароджаных вёскі. Для іх былі падрыхтаваны падарункі, у іх гонар гучалі песні. Ушанавалі ў гэты дзень мясцовых юбіляраў, узгадалі добрымі словамі кожнага і пажадалі ім даўгалецця і моцнага здароўя. Не абышлі сваёй увагай і тых, хто ўпершыню ў сваім жыцці ў сёлета пойдзе на выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З прывітальным словам да жыхароў аграгарадка звярнулася старшыня сельвыканкама Дзіяна Тарун. Яна ж павіншавала і пераможцаў мясцовага конкурсу па добраўпарадкаванні сядзіб. Дарэчы, усе прысутныя маглі паглядзець на прыгажосць, якую яны стварылі ля сваіх дамоў. Для гэтага быў падрыхтаваны спецыяльны стэнд з фотаздымкамі.
Свае лепшыя песні аднавяскоўцам дарылі мясцовыя салісты, як дарослыя, так і дзеці. Парадаваў сваім выступленнем і народны ансамбль “Сябрына”, які цалкам складаецца з жыхароў аграгарадка.
Не абышлося ў гэты дзень і без традыцыйнага конкурсу букетаў, спартыўных спаборніцтваў, вясёлых конкурсаў, бяспройгрышнай латарэі і забаўляльнай праграмы для дзяцей. Акрамя гэтага, працавалі гандлёвы рады і атракцыёны. Трэба зазначыць, што мясцовыя прадпрымальнікі падтрымалі ідэю правядзення свята і выдзелілі сродкі на набыццё падарункаў для пераможцаў конкурсаў.
Да самага вечара ў парку гучалі песні, былі танцы, гульні, конкурсы. Народ разыходзіўся са свята з усмешкамі, вяскоўцы абмяркоўвалі ўбачанае, а гэта значыць, што задуманае свята ў арганізатараў атрымалася.
Алена Набеева.
Фота аўтара.